"Еўрабачанне" без Жанет і Гюнеш, затое з белым мядзведзем і The Hurts
30 лістапада ў Белтэлерадыёкампаніі адбіралі патэнцыйных беларускіх удзельнікаў "Еўрабачання-2017". Аднак, гледзячы па колькасці жадаючых (а іх усяго 67 у адрозненне, напрыклад, ад пазамінулагодніх 110) і адсутнасці заявак ад айчынных топ-поп-зорак, можна падумаць, што цікавасць да конкурсу падае. Сябра журы Сяргей Андрыянаў, напрыклад, мяркуе, што гэта звязана з тым, што многія вядомыя артысты спужаліся чутак пра Макса Фадзеева і яго пратэжэ, таму вырашылі "перасядзець". А прадзюсар Максім Алейнікаў лічыць, што справа ў крызісе:
"Грошай у людзей няма. А зрабіць песню каштуе грошай. Плюс, натуральна, усялякія паездкі небеларусаў у папярэднія гады ці паездкі за нечыя грошы, натуральна, падрываюць веру ў шанцы простага беларуса патрапіць на "Еўрабачанне". Таму з улікам крызісу артыст дзесяць разоў падумае, ці рабіць яму гэтую песню, траціць на гэта грошы ці не".
На думку Максіма, на адбор зусім не варта пускаць небеларусаў, бо іх паездка на конкурс дэматывуе нашых артыстаў. Але замежнікаў сёлета тут шмат: і латыш з рокавым нумарам, і некалькі расіянаў, сярод якіх нават удзельнік расійскага "Голасу" Вадзім Капусцін пад псеўданімам Isaac Nightingale, амерыканка Jeka з песняй "Дуй на меня, дуй" і каларытны нігерыец Оліса:
"Я ўжо ўдзельнічаў на адборах тройчы са сваім гуртом The Champions. А цяпер хачу паглядзець, што людзі скажуць пра мяне як сольнага артыста. Я выступаю на розных дзяржаўных мерапрыемствах, у Мікашэвічах, у Магілёве спяваў, і працую ў клубах як МС. Я тут дзеля мастацтва".
У фае перад студыяй 600, дзе адбываецца праслухоўванне, традыцыйная тусоўка. Перапужаныя твары артыстаў, якія, як толькі заўважаюць фотакамеру, апранаюць дзяжурную ўсмешку, пальцы робяць казу, ногі — модную стойку. Увогуле тут на адборы вельмі шмат модных маладых людзей, якія толькі што выйшлі з барбешопаў, сярод якіх і хлопцы з гурта Hurts, і Лэні Кравіц у нязменных акулярах, і Адэль у ружовай сукенцы, і Элвіс Прэслі (фрык-заўсёднік Аляксандр Бабарыкін сёлета не спрабуе падпаліць сцэну), і супермэн Віталь Варанко з яскравым шоу ў духу Britain's Got Talent, белым мядзведзем і Вадзікам Ракетам у якасці часткі шоу, і бабулі ў строях з Жыткавічаў, выступ якіх заканчваецца слязьмі, калі вядучы раптам кажа, што іх нумар не зусім конкурсны:
"Кіраўнік нашага гурта напісала песню, прыпеўкі, нам падаецца, што на "Еўрабачанні" Беларусь мусіць прадстаўляць нацыянальная культура. Паспрабуем".
У журы сёння новыя твары. Няма легендарнага Аляксандра Ціхановіча. А раз яго няма, дык і старшыні журы няма. Затое ёсць Алег Аверын з "Беларускіх песняроў", кампазітар Дзмітрый Даўгалёў, спявачка Людміла Куц. Дарэчы, каб не цягнуць гуму, журы спыняе нумары, якія падаюцца занадта нуднымі ці не адпавядаюць так званаму фармату. Такая ж доля чакае і Алесю Берулаву з гурта "Мантана", якая раптам апынаецца сярод удзельнікаў:
"Дарма ехала, — заўважна расчараваная спявачка, якая прадставіла сёння новую песню "Ёлочки". — Зусім сябе не чула. Відаць, тут трэба быць універсальным прафесіяналам, а я не ўмею спяваць, як Ларыса Доліна. Сёлета ехаць на Еўрабачанне я дакладна не збіралася, але хацелася паўдзельнічаць у фінальным канцэрце. Гэта была кепская ідэя. Добра, што хоць пацаны не паехалі".
На пытанне "навошта вам гэта трэба" мала хто з артыстаў можа даць разгорнуты адказ. Вось гурт Navi толькі з трэцяга разу нарэшце разумее, што ён тут робіць:
"Мы хочам першымі прадставіць на "Еўрабачанні" песню на беларускай мове ад Беларусі".
Хто нам спадабаўся? Гурт Nuteki з песняй у духу Coldplay, якая, перакананыя музыкі, будзе зразумелай заходняй аўдыторыі:
"Для нас на сёння пазнаёміцца з новай аўдыторыяй на Захадзе лепшых дзвярэй, чым "Еўрабачанне" няма".
Яшчэ Віталь Варанко: яго ведаюць на тым жа Захадзе, ды і песня вясёлая, без уласцівай беларускім нумарам сур'ёзнасці і пафасу.
Яшчэ цікавыя Оліва, Navi, Уладзіслаў Курасаў, Пётр Клюеў (яго прыемную беларускамоўную "Чаму?" журы даслухала да канца), Аляксандра Ткач, Анастасія Шамярэнка.
Вынік: фрыкаў на адборы большае, людзей, якія не разумеюць, што яны і навошта робяць, большасць, новыя, маладыя і перспектыўныя таксама нараджаюцца. Найлепшага з іх вызначаць 20 студзеня.