Еўрапарламент можа прыняць рэзалюцыю па Беларусі ажно праз некалькі тыдняў

Еўрапарламент можа адкласці прыняццё рэзалюцыі па Беларусі на некалькі тыдняў, а не ў гэты чацвер, як планавалася папярэдне. Пра гэта Еўрарадыё распавёў Аляксандр Мілінкевіч, які ў аўторак сустрэўся са старшынём Еўрапарламента Ежы Бузэкам. Аляксандар Мілінкевіч: “Няма аднадушнай думкі наконт таго, ці зараз прымаць, ці пасля прыезду афіцыйнай дэлегацыі Еўрапарламенту, якая выслухае ўлады, апазіцыю, грамадзянскую супольнасць, і пасля гэтага будзе аргументавана дакладаць на сесіі Еўрапарламенту”.

У кожным разе, у сераду запланаванае паседжанне міні-сесіі Еўрапарламента па Беларусі.

Аляксандр Мілінкевіч і Анжаліка Борыс правялі сустрэчы з прэзідэнтам Еўрапейскага парламента Ежы Бузэкам, польскімі еўрадэпутатамі і прадстаўнікамі дэлегацыі Еўрапарламента па адносінах з Беларуссю. На сустрэчы з Бузэкам размова ішла пра праблемы захавання правоў чалавека ў Беларусі. Абмяркоўвалася не толькі сітуацыя вакол Саюзу палякаў, але і сітуацыя ў краіне ў цэлым.

Аляксандар Мілінкевіч: “Значна шырэй: і нерэгістрацыя Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, і Маладога Фронту. Б'юць людзей, якія выходзяць на мірныя акцыі. Ёсць палітвязні ў Беларусі. Мы гаварылі аб тым, як зрабіць палітыку ЕС больш эфектыўнай, каб яна ўплывала і на гэтую частку беларускага жыцця - не толькі дапамагала мадэрнізацыі эканомікі, але і спрыяла лібералізацыі”.

Мілінкевіч лічыць, што ЕС будзе выкарыстоўваць эканамічныя рычагі, каб уплываць на сітуацыю, і будзе выконвацца палітыка пакрокавага збліжэння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі