Еўрапарламент патрабуе вызваліць Віктара Бабарыку і іншых палітвязняў

Віктар Бабарыка на судзе / Reuters
Віктар Бабарыка на судзе / Reuters

11 траўня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі. Еўрадэпутаты патрабуюць вызваліць Віктара Бабарыку ды іншых беларускіх палітвязняў.

"Парламент заклікае ўлады Беларусі спыніць жорсткае абыходжанне з былым кандыдатам у прэзідэнты Віктарам Бабарыкам і іншымі палітычнымі зняволенымі і неадкладна і безумоўна вызваліць іх. Дэпутаты Еўрапарламента рашуча асуджаюць бесчалавечнае абыходжанне з палітвязнямі і чальцамі іх сем'яў у краіне і заклікаюць Беларусь забяспечыць затрыманым доступ да належнай медыцынскай дапамогі, адвакатаў, сям'і, дыпламатаў і міжнародных арганізацый для ацэнкі іх стану і аказання дапамогі", — гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўрапарламента.

За рэзалюцыю прагаласавалі 533 еўрадэпутаты, супраць — 9, а 27 устрымаліся.

Як распавядала Еўрарадыё, напрыканцы красавіка Віктар Бабарыка трапіў з калоніі ў лякарню. Паведамлялася, што ён быў моцна збіты. Праз некалькі дзён яго нібыта вывезлі з лякарні. Ужо два тыдні невядома, дзе знаходзіцца палітвязень і які яго стан.

А 10 траўня стала вядомая дата суда над сынам Віктара Бабарыкі — Эдуардам. Ён трапіў за краты разам з бацькам у чэрвені 2020-га і амаль тры гады перабывае там без суда. Працэс над ім пачнецца 22 траўня.

Еўрадэпутаты ў сваёй рэзалюцыі таксама пацвердзілі салідарнасць з народам Беларусі ў яго барацьбе за вольны, суверэнны і дэмакратычны ўрад і супраць удзелу Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны. 
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі