Эйсмант распавяла, ці сустрэнецца Лукашэнка з Насцяй Рыбкай

Эйсмант распавяла, ці сустрэнецца Лукашэнка з Насцяй Рыбкай

Анастасія Вашукевіч, больш вядомая як Насця Рыбка, хоча сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, каб падзякаваць яму за дапамогу ў вызваленні з-пад варты. Пра гэта дзяўчына распавяла ў інтэрв'ю, якое апублікавалі 2 лістапада партал TUT.by і дзяржаўны тэлеканал АНТ. 

Дзяўчына паведаміла, што запісалася на прыём да кіраўніка дзяржавы. Ёй прызначылі "аўдыенцыю праз месяц".

Наталля Эйсмант, прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі, у каментары Радыё "Свабода" паведаміла, што пра асабістую сустрэчу Вашукевіч і кіраўніка дзяржавы гаворкі не ідзе, але ў прынцыпе такая сустрэча можа адбыцца. 

"Пакуль у планах такой сустрэчы няма. Але калі будзе адпаведны зварот — будзем разглядаць. Нароўні з усімі іншымі падобнымі просьбамі аб арганізацыі сустрэчы. Ніякай антыпатыі ў прэзідэнта да грамадзянкі Беларусі Анастасіі Вашукевіч няма", — адказала Эйсмант.

Насця Рыбка набыла вядомасць праз сэкс-скандалы. Яна была ў эскорце ў расійскага алігарха Дзерыпаскі і напісала пра гэта ў сваёй кнізе, раскрыўшы некаторыя скандальныя падрабязнасці. 

У студзені 2019 года яе і яшчэ двух чалавек арыштавалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева па справе аб уцягванні ў прастытуцыю. Праз некалькі дзён Аляксандр Лукашэнка загадаў заняцца вызваленнем Вашукевіч, і ў той жа дзень яе выпусцілі. Пры гэтым паведамлялася, быццам вызваленне стала магчымым дзякуючы асабістаму ўмяшанню беларускага кіраўніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі