Фанатаў мінскага “Дынама” падчас выезду ў Гродна канваявалі, як зняволеных

На афіцыйным сайце футбольнага “Дынама-Мінск” з’явілася паведамленне пра тое, як заўзятары з'ездзілі на выязны матч у Гродна. Ад самага Мінску групу падтрымкі “бела-сініх” пільнавалі, як зняволеных. Заўзятарам не дазвалялі спыняцца па дарозе ў нармальных кавярнях і прыбіральнях. А на гродзенскім стадыёне іх ачапілі турнікетамі і не дазвалялі купляць фаст-фуды. У выніку людзі, якія выязджалі з Мінску а 6-й раніцы, вымушаныя былі галадаць да 15-й гадзіны. Пры гэтым негуманнае стаўленне на сабе адчулі і супрацоўнікі ФК “Дынама-Мінск”: афіцэр па бяспецы, маркетолаг, спецыяліст па працы з заўзятарамі.

Як паведамілі Еўрарадыё ў ФК “Дынама-Мінск”, клуб падрыхтаваў скаргі ў праваахоўныя органы, якія суправаджалі заўзятараў. Лісты з прэтэнзіямі адправілі на гродзенскі стадыён і ў дэпартамент правядзення спаборніцтваў Федэрацыі футбола. Калі з’явяцца адказы, клуб абяцае шырока паведаміць пра іх змест.

“Людзі паехалі з дзецьмі, былі дзяўчаты, жанчыны — і на табе! Як толькі будзе нейкая рэакцыя, мы пра яе паведамім... Людзі ходзяць на хакей. А потым яны ж ідуць на футбол — і там зусім іншае да іх стаўленне”, — распавядае ў інтэрв'ю Еўрарадыё прэс-сакратар мінскага футбольнага клуба Васіль Князюк.

Дарэчы, з гэтага года заўзятары “Дынама” атрымалі доступ да інавацыйнай для Беларусі білетнай праграмы. Маеш абанемент — можаш ездзіць на выязныя матчы клуба. Летась падчас такіх аўтобусных тураў у іншыя гарады не здарылася ніводнай хуліганскай выхадкі. Таму сталічныя дынамаўцы непрыемна здзівіліся, як да іх паставіліся падчас матчу ў Гродне.

Фота з матчу — dinamo-minsk.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі