Фанатаў “Пяста”, якія прыехалі падтрымаць БАТЭ, не пусцілі на стадыён

Фанатаў польскага футбольнага клуба “Пяст”, у якіх вельмі цесныя сяброўскія адносіны з прыхільнікамі БАТЭ, не пусцілі на матч плэй-оф Лігі Чэмпіёнаў “Слован” — БАТЭ ў Браціславе.

Як распавялі сайту Belultras.by барысаўскія заўзятары, прычынай нядопуску палякаў на сектар стала інфармацыя аб тым, што з Польшчы прыехалі футбольныя хуліганы. Таму на матч пускалі толькі па беларускіх пашпартах. Большасць фанатаў БАТЭ падтрымалі сваіх сяброў і адмовіліся ад наведвання сектара. На стадыёне прысутнічалі толькі заўзятары, якія адправіліся ў Славакію на аўтобусе ад клуба.

Нагадаем, у першым матчы раўнда плэй-оф Лігі чэмпіёнаў барысаўскі БАТЭ не здолеў утрымаць пераможны лік і прапусціў гол за 10 хвілін да канца сустрэчы. Сустрэча скончылася ўнічыю 1:1. Дзякуючы гасцявому голу, БАТЭ захоўвае добрыя шанцы на выхад у групавую стадыю галоўнага еўракубкавага турніру.

Матч у адказ пройдзе на “Барысаў-арэне” 26 жніўня. БАТЭ задаволіць перамога з любым лікам або нулявая нічыя. Вынік 1:1 прывядзе да дадатковага часу і, магчыма, да серыі пенальці. Любы іншы вынік — на карысць славацкай каманды.

Пераможца па суме двух матчаў трапляе ў групавую стадыю Лігі чэмпіёнаў. Каманда, што прайграе, працягне еўракубкавую восень у Лізе Еўропы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі