Фэст "Камяніца": Два дні, 15 гуртоў і прэм'ера кінафільма
Еўрарадыё прапануе падрабязны расповед пра сёлетнія фішкі юбілейнага фолк-фэсту.
6-7 верасня прагрыміць фолк-фэст "Камяніца". Месца правядзення пятага, юбілейнага фэсту ўсё тое ж — Музей народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы ля Мінска.
"Першы фэст адбыўся 12 верасня. І ў ноч перад фэстам, калі мы мантавалі сцэну, у мяне нарадзіўся сын, — прызнаецца каардынатар фэсту Сяргей Чагрынец. — То бок, я асацыюю фестываль са сваім дзіцём — але гэта рэальна, гэта не нейкая прыдуманая мной гісторыя. Вырас ужо хлопчык. Ён ужо навучыўся хадзіць, размаўляць, у яго ўжо ёсць свой характар і свой твар. Так жа і фестываль. Мы прайшлі яшчэ маленькі шлях для таго, каб гэтае дзіця і гэты фэст чамусьці навучыць. Але насамрэч, тое-сёе зробленае. Ён ужо хоча дапамагаць тату ва ўсіх сэнсах і нясе пазітыўную энергію".
Юбілейная "Камяніца", абяцаюць арганізатары, будзе складацца толькі з "разынак", пачынаючы ад лайн-апа, заканчваючы адрамантаванымі дарожкамі для раварыстаў. Але пачнём па парадку.
1. Кропкай адліку фэсту стане "Сяброўкая вячэра" — закрытая вечарынка, якая збярэ ўдзельнікаў "Камяніцы" за пяць гадоў, прадстаўнікоў СМІ, партнёраў і самых адданых прыхільнікаў фальклору, якія трапяць на тусоўку, дзякуючы перамозе ў адмысловых конкурсах (сачыце за конкурсамі на Еўрарадыё).
2. У межах "вячэры" выступяць гурты "Палац", "Аляксандра і Канстанцін", спявачка Ірэна Катвіцкая і гурт Shumа.
3. Падчас паці адбудзецца прэм'ера фільма "Гісторыя беларускай страўні", зняты Беларускім відэацэнтрам пры падтрымцы страўні "Камяніца". Навукова-папулярная інфармацыя ў трохсерыйнай стужцы пададзеная ў забаўляльнай манеры. У ёй бяруць удзел беларускія артысты. Дарэчы, у фільме няма ніводнага муляжа, усе стравы зробленыя нажыва майстрамі беларускай кухні!
Сяргей Чагрынец
4. На "Сяброўскай вячэры" у нейкім сэнсе будзе вырашацца далейшы лёс фестывалю, распавядае Сяргей Чагрынец:
"Хочацца ўсім сказаць дзякуй, і пачуць, што б вы змянілі ў фэсце, што б зрабілі па-іншаму. Часам у рэстаране я прапаную персаналу назваць 5 рэчаў, якія б яны, як кіраўнікі, хацелі змяніць у нашай установе. Бываюць вельмі цікавыя адказы, дзякуючы якім мы тут у сябе і робім незвычайныя рэчы. Хацелася б паслухаць на гэты конт людзей пласту, датычнага да фэсту і беларукай культуры".
5. Другі фестывальны дзень пачнецца ў 12.00. На галоўнай сцэне выступяць беларусы Guda, "Стары Ольса", "Палац", расійска-беларускі гурт Hvarna, знакамітая ўкраінскія каманды "Фолькнеріи" і "ДахаБраха" і палякі Orkiestra Sw. Mikolaja.
6. Малая ці "дзіцячая" фестывальная сцэна размесціцца насупраць галоўнай. Яна будзе працаваць у паўзах паміж выступамі каманд на асноўнай сцэне. У адрозненне ад мінулагодняга досведу, калі паўдзельнічаць у "Камяніцы" прыехала 157(!) дзяцей з усіх куткоў Беларусі, сёлета тут выступіць 5 дзіцячых калектываў з Мінска і наваколля.
7. У межах фэсту будзе працаваць выстава трох беларускіх мастачак Інгі Тарашкевіч, Ганны Зенчанка і Кацярыны Маркевіч, фотавыстава Алега Белавусава.
8. Таксама чакаецца вялікі горад майстроў, дэфіле ў нацыянальных строях ад "Скарбніцы", праца рыцарскага клуба, дзіцячай пляцоўкі і цікавая публіка.
"80 адсоткаў людзей прыходзіць на канцэрты і фестывалі паглядзець на сабе падобных, — мяркуе Алег Хаменка. — Яны ўжо чулі ўсе гэтыя гурты ў інтэрнэце, чулі ўсе альбомы. І прыходзяць паглядзець, каму яшчэ падабаецца падобная музыка. З тае прычыны, самым галоўным пунктам на фэсце, на які трэба было б паглядзець, гэта менавіта публіка".
Важнае:
Кошт квітка — музейны (30 тысяч рублёў), для школьнікаў — 15 тысяч. Квіткі можна замовіць праз інтэрнэт-сэрвісы ці набыць у касах горада.
Уладальнікі нацыянальных строяў патрапяць на фэст бясплатна. Дарэчы, каардынатар фэсту Алег Хаменка не выключае, што аднойчы "Камяніца" пяройдзе да фармату дрэс-коду, і запрашае далучыцца да свята жыхароў бліжэйшых раёнаў Мінску.
Алег Хаменка: "Фестывальны дрэс-код пакуль сабе не можа дазволіць ні адзін фэст у Беларусі. "Камяніца" гэта спрабуе рабіць. Можа, прыйдзе час, калі мы жорстка паставім умовы: дрэс-код і ўсё. Без адпаведнага адзення ты на фестываль не ўвойдзеш. Запрашаю жыхароў мікрараёнаў Малінаўка і Паўднёвы Захад: вам пешшу ісці 50 хвілін! Колькі там можна сядзець? Гэта сапраўды крута: адзелі сарочку і пешшу прыйшлі!"
Каардынатарка "дзіцячай" пляцоўкі Руся і Алег Хаменка
На фэст можна прыехаць на ровары. Веладарожкі, якія вядуць да музея, сталі больш зручнымі для вандровак — запэўніваюць арганізатары.
На тэрыторыі музея будуць працаваць кропкі грамадскага харчавання: галодным ніхто не застанецца.
Фэст пройдзе пры падтрымцы Банка "БелВЭБ". Грошы, атрыманыя за квіткі, пойдуць на рахункі музею.
Цікавыя факты:
У мінулым годзе на фестываль было прададзена 3 тысячы квіткоў. А на фэсце прысутнічала каля 5 тысяч чалавек.
Па словах дырэктара музея Святланы Лакотка, адна з яго мэтаў — "падтрыманне ўнікальных помнікаў архітэктуры ў прэзентабельным выглядзе. За 5 гадоў супрацоўніцтва музея і фэсту адрамантаваны 21 помнік народнай архітэктуры!"
За апошнія 5 гадоў наведвальнасць Музея народнай архітэктуры і быту вырасла ў 6 разоў (за год комплекс наведвае 60 тысяч чалавек).
Летась фэст наведала 300 раварыстаў.