Фестываль "Камяніца": 9 мільёнаў за 6 гадзін

Прыкладна такую суму сабраў фестваль для музею народнай архітэктуры і побыту. У далейшых планах арганізатараў зрабіць фестываль "Камяніца" штогадовым і прывабіць да ўдзелу ў ім лепшыя фольк-калектывы краіны і замежжа. Як распавёў Еўрарадыё арганізатар фэсту, дырэктар рэстарана "Камяніца" Сяргей Чагрынец, ідэя фестывалю нарадзілася спантанна, але выбар фольк-накірунку не выпадковы.

Сяргей Чагрынец: "Мы даўно займаемся папулярызацыяй фольк-калектываў, знаёмыя з многімі артыстамі. Адпаведна, нам лягчэй разумець гэтыя гурты, падтрымліваць стасункі з імі. У беларускім музычным руху фольк — нібыта пэўны прабел. Мы вырашылі выправіць гэту сітуацыю. Наколькі ў нас гэта атрымаецца — стане зразумела ўжо пасля сёлетняга фестывалю. А праз год мы яго абавязкова паўторым!"

[Image]

[Image]

[Image]

Як напярэдадні фэсту сказала вакалістка гурта "Джамбібум" Наста Хмель, асаблівасцю ўсіх беларускіх оўпэн-эйраў з'яўляецца дождж. Мела рацыю! Дождж пачаўся на другой гадзіне фестывалю і скончыўся позна ўвечары. Частка гледачоў хавалася пад чаротавымі стрэхамі, але большасць танчыла пад рознакаляровымі парасонамі і ўкрывалася дажджавікамі.

[Image]

[Image]

[Image]

Але ў адрозненні ад сёлетніх "Bela Music" і "Рок за Баброў" на фэсце "Камяніца" амаль не было аховы, нават каля сцэны, а ў мясцовай карчме можна было набыць піва! Адзіная ўмова — за соладавым напоем даводзілася прашпацыраваць 500 метраў ад пляцоўкі.

[Image]
гурт "Гаротніца"

[Image]

Адны з хэдлайнераў фэсту, гурт "Стары Ольса", маюць вялікі досвед выступаў на фестывалях фальклорнай музыкі далёка за межамі Беларусі. Але, як адзначыў лютніст гурта Ілля Кубліцкі, выступаць перад беларусамі — іншая справа.

Ілля Кубліцкі: "Адразу адчуваеш больш драйву, бо тут людзі значна лепш разумеюць нашу музыку. Увогуле сама ідэя дабрачыннага канцэрту нам вельмі спадабалася, мы і надалей згодныя падтрымліваць гэты фестываль".
[Image]
гурт "Стары Ольса"

Дарэчы, тэрыторыя музею народнай архітэктуры і побыту — ідэальная пляцоўка для фестывалю. Спалучэнне традыцыйнай беларускай архітэктуры, шматлікіх экспазіцый і музыкі — нібыта вяртаюць у мінулае. Менавіта ў спалучэнні розных відаў мастацтва і рамёстваў і магчыма правесці рэканструкцыю і рэстаўрацыю нашай старадаўняй культуры, — адзначаюць супрацоўнікі музею.
[Image]

[Image]

[Image]

Зміцер Сасноўскі: "Музыка як раз і развівалася у такіх вось архітэктурных межах. Таму вельмі класна, што сярод усіх гэтых старадаўніх дамоў мы сыгралі тую музыку, якая паміж імі гучала".
[Image]
"Стары Ольса"

[Image]

Вядучы імпрэзы, Алег Хаменка, назіраў за выступамі ўсіх гуртоў і застаўся прыемна ўражаны.

Алег Хаменка: "Магу сказаць, што, напэўна, сярод тых канцэртаў, якія я бачыў, — гэта адзін з найлепшых. Я маю на ўвазе не толькі знаныя гурты — "Стары Ольса", "Kriwi", "Джамбібум", але і такія маладыя праекты як "Гаротніца", "Ceilidh Ceol", вельмі выдатна адыграў "Dzivasil". Трэба спадзявацца, што фестывальны рух на Беларусі будзе адраджацца, а фальклорны фэст такога кшталту проста неабходны".

[Image]
Алег Хаменка

Гэтую ж думку падхапіла і падтрымала Вераніка Круглова.

Вераніка Круглова: "У мяне неверагодныя адчуванні ад таго, якія музыканты сёння выступалі. Я "адрывалася" па поўнай! Вельмі высокі ўзровень прафесіяналізму і музыкі. На гэтай сцэне было 8 калектываў — і ўсе такія розныя! Тое, што беларускае можа гучаць настолькі па-рознаму, насамрэч стала для мяне адкрыццём".
[Image]
Гурт "Kriwi"

[Image]

[Image]

[Image]

Вераніка не толькі працягвае актыўна займацца гуртом "Kriwi", але і цікавіцца маладой сцэнай беларускай фольк-музыкі.

Вераніка Круглова: "Пасля таго, што я пачула сёння, я фанат беларускай музыкі назаўжды. У мяне не хапае словаў, каб апісаць тое, што я адчуваю. Усе гэтыя гурты — сапраўдныя зоркі, не паказваць людзям якіх — злачынства".
[Image]
гурт "Кумалёнтрэ"

[Image]
гурт "Джамбібум"

Зусім хутка, 19-га верасня, гурт "Kriwi" выступіць з сольнай праграмай у сталічным Тэатры эстрады. Для ажыццяўлення ўсіх сваіх планаў музыканты працуюць над асаблівай канцэпцыяй праграмы, якая будзе ўключаць відэа і сцэнаграфію.
[Image]

[Image]

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі