ФІФА не бачыць падставаў для адмены чэмпіянатаў свету ў Расіі і Катары
Раней магчымасць пераносу спаборніцтваў дапускаў кіраўнік аўдытараў ФІФА.
Міжнародная футбольная федэрацыя прыняла адмысловую заяву наконт чэмпіянатаў свету 2018 і 2022 гадоў. У ёй гаворыцца, што Расія і Катар былі абраныя краінамі — гаспадынямі чэмпіянатаў шляхам "дэмакратычнага галасавання" выканкама ФІФА. Таму арганізацыя не бачыць законных падставаў адклікаць права на правядзенне чэмпіянату свету ў Расіі і Катара, перадае РБК.
Раней старшыня камісіі ФІФА па аўдыце Даменіка Скала заяўляў, што калі знойдуцца доказы подкупу футбольных чыноўнікаў з боку Расіі і Катара, то права на правядзенне чэмпіянатаў у іх можа быць адкліканае. Пры гэтым Скала казаў, што пакуль парушэнняў пры галасаванні чыноўнікаў ФІФА наконт чэмпіянатаў свету 2018 і 2022 гадоў не знайшлі.
Размовы пра магчымы перанос месца правядзення чэмпіянатаў свету 2018 і 2022 гадоў пачаліся пасля карупцыйнага скандалу ў ФІФА. Па звестках амерыканскага следства, за 20 гадоў аб'ёмы карупцыі ў ФІФА дасягнулі 150 млн долараў. У сувязі са скандалам прэзідэнт арганізацыі Ёзэф Блатэр быў вымушаны скласці свае паўнамоцтвы праз некалькі дзён пасля пераабрання.
Фота — ТАСС