Якія фільмы, намінаваныя на “Оскар”, пакажуць паўторна

Фільм “Бёрдмэн” рэжысёра Алехандра Гансалеса Іньярыту, які на прэміі “Оскар” атрымаў галоўную ўзнагароду, у кінатэатрах Мінска паглядзелі 12 тысяч чалавек. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў дырэктар сталічнага кінавідэапракату Васіль Коктыш. Ён адзначыў, што мінскія гледачы мелі немалую цікавасць да сёлетніх фільмаў-намінантаў на “Оскар”. Лепш за ўсё білеты раскупляліся на “Інтэрстэлар”, які паглядзела 92 530 чалавек, “Горад герояў” (52 600), “Гатэль Гранд Будапешт” (20 500), “Бёрдмэн” (каля 12 тысяч), “Апантанасць” (8 217), “Левіяфан” (4 тысячы).

Васіль Коктыш кажа, што гэта не надта высокія паказчыкі. Напрыклад, “50 адценняў шэрага”, які яшчэ паказваюць у кінатэатрах, ужо наведала каля 70 тысяч чалавек. Кіраўнік мінскага кінапракату дадае:

Коктыш: “Ёсць масавы глядач, а ёсць — думаючы. Фестывальнае і артхаўснае кіно ніколі вялікіх залаў не збірала”.

Па словах Коктыша, з 23 лютага па 4 сакавіка ў кінатэатры “Перамога” ў Мінску зноў пакажуць фільм “Апантанасць”, што атрымаў “Оскара” за найлепшы мантаж. Гэтую стужку вяртаюць у кінатэатры ўжо трэці раз. А з 5 сакавіка пакажуць фільм “Снайпер”, які атрымаў статуэтку за лепшы мантаж гуку.

А такія кінастужкі, як “Іда”, “Усё яшчэ Эліс” і “Сусвет Стывена Хокінга”, пакуль не закупленыя для мінскіх кінатэатраў. Але дырэктар кінавідэапракату адзначае, што паказаць гэтыя фільмы мінчукам усё ж плануецца.

Нагадаем, што на 87-й цырымоніі ўзнагароджання прэмій Амерыканскай акадэміі кінамастацтваў найлепшым мастацкім фільмам прызнаная кінастужка “Бёрдмэн” Алехандра Гансалеса Іньярыту.

Фільм мексіканскага рэжысёра таксама атрымаў статуэткі ў намінацыях за найлепшую аператарскую працу, арыгінальны сцэнар і лепшую рэжысуру.

Работа Уэса Андэрсана “Гатэль Гранд Будапешт” атрымала 4 статуэткі — за найлепшую працу мастака, за лепшы дызайн гарнітураў, за найлепшую музыку і найлепшы грым.

Прыз за найлепшую мужчынскую ролю атрымаў Эдзі Рэдмэйн у фільме “Сусвет Стывена Хокінга”, а за найлепшую жаночую ролю — Джуліяна Мур за стужку “Усё яшчэ Эліс”.

Узнагароду за найлепшы фільм на замежнай мове атрымала польская стужка “Іда”, якая абышла расійскі “Лефіяфан”.

“Оскара” за найлепшы дакументальны фільм атрымала стужка пра Эдварда Сноўдэна “Грамадзянін чатыры” Лоры Пойтрас.

Лепшы анімацыйны поўнаметражны фільм — “Горад герояў”.

Прыз за лепшы адаптаваны сцэнар атрымала біяграфічная стужка Грэма Мура пра Алана Т’юрынга — “Гульня ў імітацыю”.

Колькі мінчан паглядзелі фільмы намінаваныя на "Оскар"

(колькасць гледачоў і "Оскараў")

Фота — astv.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі