Фіналістаў нацыянальнага адбору на “Еўрабачанне” вызначаць 30 лістапада
У Белтэлерадыёкампаніі 30 лістапада пройдзе адкрытае праслухоўванне прэтэндэнтаў нацыянальнага адборачнага тура міжнароднага тэлевізійнага конкурсу песні "Еўрабачанне-2017". Афіцыйны сайт Белтэлерадыёкампаніі па традыцыі будзе весці онлайн-трансляцыю са студыі, якая пачнецца ў 12.00. Імёны 15 фіналістаў стануць вядомыя ў гэты ж дзень увечары.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу медыяхолдынга, праслухоўванне пройдзе ў рэжыме жывога гуку ў суправаджэнні музыкі і (або) фанаграмы, запісанай без вакалаў любога віду ці якіх-небудзь вакальных імітацый.
У гэтым годзе да праслухоўвання будуць дапушчаны ўсе прэтэндэнты, чые заяўкі аформленыя ў адпаведнасці з патрабаваннямі, названымі ў палажэнні аб нацыянальным адборы. Да ўдзелу запрашаюцца як сольныя выканаўцы, так і калектывы, прычым не толькі з Беларусі, але і з іншых краін.
Тэрмін прыёму заявак для ўдзелу ў нацыянальным адборачным туры скончыўся 22 лістапада. Было пададзена каля 60 заявак. Варта адзначыць, што традыцыйна прэтэндэнты на ўдзел адпраўляюць свае бандэролі ў апошнія дні прыёму заявак, і гэты год не стаў выключэннем. Таму Белтэлерадыёкампанія адводзіць люфт з некалькіх дзён, каб усе адпраўленыя ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі паспелі паступіць на адрас медыяхолдынга і былі разгледжаны арганізатарамі адбору.
Фінал адбору пройдзе не пазней за 25 студзеня 2017 года ў фармаце тэлевізійнага канцэрта. Удзельнік фіналу, які набраў найбольшую колькасць балаў па выніках галасавання прафесійнага журы і галасавання гледачоў, аб'яўляецца пераможцам праекта і становіцца афіцыйным прадстаўніком Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" у Кіеве (Украіна).