"Фінансавыя рызыкі Астравецкай АЭС — Беларусі, танная электраэнергія — Расіі"

"Фінансавыя рызыкі Астравецкай АЭС — Беларусі, танная электраэнергія — Расіі"

Эксперт па атамнай энергетыцы і энергетычнай палітыцы Greenpeace у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Ян Хаверкамп агучыў сваю гіпотэзу пра далейшы лёс Астравецкай АЭС:

"Планавалася, што электраэнергію Астравецкай АЭС будуць прадаваць у Літву, Латвію, Эстонію і Польшчу. Пры гэтым у Літву, Латвію і Эстонію ўсё гэта мусіць пастаўляцца праз сумеснае энергакальцо БРЭЛЛ. Аднак стала вядома, што краіны Балтыі збіраюцца выйсці з гэтага энергакальца і дамовіліся да 2018 года вырашыць, праз якія сеткі будуць падлучацца да энергасістэмы Еўрапейскага саюза. Сінхранізацыя электрасеткі Латвіі, Літвы і Эстоніі з еўрапейскай сеткай праз Польшчу павысіць энергетычную бяспеку Еўрасаюза. Гэтую праграму плануецца рэалізаваць да 2025 года".

Ужо цяпер Літва і Польшча заявілі, што не будуць закупляць электраэнергію ў Беларусі пасля запуску АЭС. А калі краіны Балтыі выйдуць з агульнага энергакальца, Беларусь нікому не будзе патрэбная з найбліжэйшых краін ЕС са сваёй лішняй электраэнергіяй:

"Застанецца толькі адзін буйны пакупнік — Расія. Гэта адзіны спосаб рэалізацыі лішняй электраэнергіі з АЭС", — мяркуе эксперт Greenpeace International.

Ян Хаверкамп гаворыць, што ў такой сітуацыі Беларусь будзе залежная ад Расіі, і тая зможа дыктаваць умовы. Усё гэта ён называе "энергетычным імперыялізмам": "Атрымліваецца такая карціна: Расія пабудавала за свой крэдыт АЭС у Беларусі. Пры гэтым Расія будзе купляць электрычнасць па цане, якую яна гатовая плаціць. Фінансавыя рызыкі на Беларусі, а ў Расіі — недарагая электраэнергія".

Ян Хаверкамп — эксперт па атамнай энергетыцы і энергетычнай палітыцы Greenpeace International у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, эксперт Сусветнай інфармацыйнай сістэмы па пытаннях энергетыкі (WISE). Навуковая спецыялізацыя: біяхімія, ядзерная фізіка, экалагічныя навукі. Працаваў з тэмай ядзернай энергетыкі па ўсім свеце. Адзін з кансультантаў сцэнарыя "энергетычнай рэвалюцыі" для Беларусі.

Даведка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі