Французы з Тулузы і "Серебряная свадьба" адзначылі Дзень франкафоніі

30 сакавіка ў сталічны Re:Public сцякліся аматары франкафоніі і кабарэ. Іх было шмат, каля тысячы. Яны прыйшлі паглядзець на французаў з Тулузы — кабарэ-клаўнэск Le bestiaire a pampilles і на беларускіх прапаведнікаў музычнага балагана "Серебряную свадбу".



Французаў прывезла ў Мінск Французская амбасада. Гэта быў дзіўны дуэт "шляхты, якая знаходзіцца ў заўсёдным дысанансе з рэальнасцю". "Шляхціц" па-беларуску называў "шляхцянку" "мая жонка", і з пальцаў складаў качку. Больш беларускіх словаў, і ўвогуле, не французскіх, публіка "Рэпабліка" не пачула больш за гадзіну. Магчыма таму першая зацікаўленасць французамі змянілася абыякавасцю і наведвальнікі пусціліся ў прыватныя размовы, ігнаруючы тое, што адбываецца на сцэне.


Так, французаў абмяркоўвалі. Адны шкадавалі, што ў Мінску не кідаюцца тухлымі яйкамі. Іншыя франкафоны, што было б нічога, калі б быў перакладчык, ці якія звышновыя трукі, ці ўвогуле, такое, чаго беларусы не бачылі. А так, лямант, феерверкі, сланы, французскі гармонік, панталоны, зашкал эмоцый... Дык пра што гаманілі французы?


Мы пазнаёміліся з Наталляй, якая разумее па-французску, і адкрывае нам вочы на тое, што адбывалася на сцэне:


"Скажу, што гэта такі "Петрасян". Гэта проста грымаснічанне. Пачуццё густу, пачуццё стылю — нічога ўвогуле не выканана. Калі параўноўваць гэта з "Серебряной свадьбой", якія імкнуцца да прыгожага шансону ў правільным разуменні, і робяць цікавыя і прыгожыя рэчы, тое, што адбываецца цяпер на сцэне — абы што!"


Станоўчага стаўлення да французскага кабарэ-клаўнэска з Тулузы мы не сустрэлі. Хаця пашкадавалі ўсё ж, што французскую ў школе не вучылі. І падумалі, што французы харошыя, проста не з тым спектаклем да нас завіталі. У любым выпадку мы вельмі ўзрадаваліся калі на сцэне з'явілася "Серебряная свадьба". "Свадьба" выконвала "кактэйль французскага шансону, дыксіленда, панка, ска, боса-новы" у сваёй манеры і лепшых традыцыях ды распавяла пра тое, чым вабіць Францыя славянскую душу і жанчыну, у прыватнасці.


"Яскравае, пышнае, акіян, парфума, цукеркі, кан'які, шампанскае, мода", — пералічвала Бенька. А аматары ўсяго французскага кінуліся ў танцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі