Франтмэн Motorhead стане "Залатым богам"

Франтмэн Motorhead Лэмі Кілмістэр (Lemmy Kilmister) будзе адзначаны ўзнагародай “За жыццёвыя дасягненні” ў межах узнагароджання Revolver Golden Gods Awards.
Гэтая цырымонія праводзіцца вядомым рок-часопісам Revolver і пазіцыянуецца як першая метал-прэмія ў гісторыі ЗША. Уручэнне “Залатых багоў” адбудзецца ў красавіку гэтага года ў Лос-Анжэлесе.

Апроч Лэмі, на сёння вядома імя і яшчэ аднаго “адмысловага” лаўрэата. Тытульную ўзнагароду – “Залаты Бог” – атрымае вакаліст Judas Priest Роб Хэлфард. Выбарам жа лепшых у астатніх дзевяці намінацыях Revolver Golden Gods Awards будзе займацца публіка: інтэрнэт-галасаванне стартавала на сайце часопіса 17 лютага.

Меламанам трэба вызначыцца з лепшым вакалістам, гітарыстам, бубначом, гуртом, альбомам года і г.д.

Адразу на чатыры ўзнагароды – у тым ліку “Альбом года” і “Вяртанне года” – прэтэндуюць Heaven & Hell (інкарнацыя Black Sabbath з Дзіа на чале). У трох катэгорыях (“Альбом года”, “Лепшы канцэртны гурт” і “Лепшы бубнач”) заяўленыя трэш-ветэраны Slayer. Па дзве намінацыі – у Alice In Chains, Fear Factory, Metallica, Megadeth, Mastodon і Them Crooked Vultures. Усе вышэйпералічаныя каманды (за выключэннем Fear Factory і Metallica) будуць змагацца за галоўную прэмію Revolver Golden Gods Awards – “Лепшы дыск года”.

Нагадаем, што сёлета цырымонія Revolver Golden Gods Awards будзе праводзіцца ў другі раз. У 2009-м першым уладальнікам звання “Залаты Бог” стаў фронтмэн Megadeth Дэйв Мастэйн, а прэмію “За жыццёвыя дасягненні” атрымаў Озі Осбарн (Ozzy Osbourne).

Фота: jbi.hio.no

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі