Футбольны эксперт пра паражэнне БАТЭ: Моладзь расце, добрая каманда будзе

Вядомы трэнер і футбольны эксперт Людас Румбуціс засцярог заўзятараў БАТЭ ад таго, каб яны “пасыпалі галаву попелам”, і патлумачыў, што такім чынам у жоўта-сініх адбываюцца нармальныя працэсы. 

Людас Румбуціс: Гэта моладзь расце, гэта нармальная каманда будзе. Досвед — гэта калі футбаліст гуляе ўсе матчы на пэўным узроўні. А моладзь не можа ўвесь час выстрэльваць.

Еўрарадыё: То бок буйныя паразы ад “Порту” і “Шахцёра” здараюцца таму, што склад БАТЭ перанасычаны моладдзю?

Людас Румбуціс: Напэўна, кіраўніцтва каманды разумее, што былым дасведчаным складам яны нядоўга змогуць нармальна выступаць. А потым будзе выпаленая зямля. Таму гуляюць маладыя пацаны. Валадзько, Карніцкі, Чэрнік і іншыя — гэта будучыня БАТЭ. Патрэбны час, і яны цаной уласных правалаў, уласных памылак ператворацца ў майстроў.

Еўрарадыё: Але прайгралі з надзвычай буйным лікам. Якія могуць быць рэцэпты, каб такога не адбывалася?

Людас Румбуціс: На нешта ўказваць непрыгожа. Прафесіяналы самі разбіраюцца ў гэтых момантах. Але ў гэтай гульні не атрымалася калектывізму, чым БАТЭ славіцца. Калі шасцярня круціцца і падхоплівае другую, трэцюю, чацвёртую. Яны не ўсе разам круціліся ў гульні з “Шахцёрам”. Хоць асобна нібыта кожны змагаўся і біўся. Але матч не выглядаў ганебна. Ганьба — гэта калі ты не можаш перайсці сярэдзіну поля і цябе возяць рылам. БАТЭ ж меў добрыя моманты. І забі Валадзько той гол у першым тайме, калі Срна выбіў мяч амаль з лініі варот, гульня магла б скласціся інакш. Мелі моманты, але не атрымалася калектыўнай гульні ў абароне, бо было вельмі шмат мижвольных памылак.

Знакаміты беларускі трэнер Юрый Пунтус таксама пагадзіўся, што ў БАТЭ быў чорны дзень. А спосаб змяніць сітуацыю перад гульнёй у адказ — удалая тактыка.

Юрый Пунтус: Тут нельга сказаць, што БАТЭ слабы. Мне падалося, што яны скарысталіся не той тактыкай. Захацелася пайсці лоб у лоб, згуляць у атакуючы футбол. А “Шахцёр” заманіў БАТЭ на сваю палову і за кошт контратак ды высокага майстэрства разарваў. Я ні ў якім выпадку не папракну футбалістаў БАТЭ, што яны гулялі не самааддана. Важна, што месцамі ў іх і рух, і хуткасці былі вельмі добрыя. Але ўсё адно ў гэтай гульні “Шахцёр” разразаючымі перадачамі адразаў па паўкаманды. Таму ў такі футбол БАТЭ рана было гуляць з “Шахцёрам”. Напэўна, у дадзеным выпадку ім трэба было закрыцца і чакаць свайго моманту ў контратацы.

Дарэчы, многія футбольныя спецыялісты сыходзяцца ў думцы, што пры ўдалай тактыцы чэмпіёну Беларусі хопіць рэсурсу, каб у матчы з “Шахцёрам” на выездзе моцна змяніць карцінку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі