Галоўны санітарны доктар заклікае мінчукоў насіць ахоўныя маскі
Галоўны дзяржаўны санітарны доктар беларускай сталіцы Святлана Ярмак заклікае мінчукоў насіць ахоўныя маскі. Паводле яе слоў, у Мінску ўзмоцняць кантроль за выкананнем супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў.
Як вядома, масачны рэжым дзейнічае ў сталіцы з сярэдзіны лістапада 2020 года. Між іншым, маскі абавязковыя ў грамадскім транспарце (кантроль узмоцняць найперш у метро).
Ярмак спасылаецца на тое, што ў Мінску працягваюць рэгістраваць выпадкі захворвання каранавірусам. "Таму хацелася б звярнуць увагу кіраўнікоў арганізацый... на неабходнасць няўхільна выконваць рашэнне Мінгарвыканкама, якое прадугледжвае абавязковы масачны рэжым, як для персаналу, так і наведвальнікаў аб'ектаў, а таксама захаванне супрацьэпідэміялагічных мер, абумоўленых санітарна-эпідэміялагічнай службай горада", — цытуе словы галоўнага санітарнага доктара тэлеграм-канал @minskiygorispolkom.
Святлана Ярмак заклікае "не забываць насіць маскі ў грамадскіх месцах, транспарце". "Мы не ведаем, хто побач з намі, здаровы чалавек ці хворы, а маска — бар'ер, які абараняе нас ад траплення ў арганізм інфекцыі", — кажа яна.
Таксама ў Мінску правераць выкананне масачнага рэжыму ў аб'ектах гандлю і грамадскага харчавання. Начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ніна Емельянава гаворыць, што "апошнім часам супрацоўнікі крамаў сталі менш звяртаць увагі на выкананне масачнага рэжыму і супрацьэпідэміялагічных мерапрыемстваў". Таму 31 сакавіка стартуе маніторынг аб'ектаў гандлю і грамадскага харчавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.