Галоўрэд навінавага агенцтва Ірына Леўшына пачала знаёміцца з матэрыяламі справы

Ірына Леўшына
Ірына Леўшына

Справу рэдактаркі незалежнага навінавага агенцтва Беларусі Ірыны Леўшынай пасля 21 сакавіка могуць перадаць у суд, паведамляе "Народная воля" са спасылкай на дачку журналісткі Ганну.

Леўшына пачала знаёміцца з матэрыяламі справы.

"Пасля 21 чысла яна пойдзе ў суд, і колькі яшчэ чакаць суда — дакладна не вядома. Мама ўзрадавалася, што хоць нешта ссунулася з мёртвай кропкі", — расказвае Ганна.

Паводле яе слоў, Леўшына абмежаваная ў атрыманні інфармацыі. Яна выпісвае расійскую "Незалежную газету", але ці атрымлівае яна яе, Ганна не ведае. "Таму пакуль — толькі тэлевізар", — адзначае дзяўчына.

Ганна прасіла пра спатканне, але следчы адмовіў, палічыў, што "гэта немэтазгодна".

Лісты маці яна атрымлівае, хоць некаторым знаёмым яны "перасталі прыходзіць".  Са здароўем у Леўшынай усё ў парадку, кажа Ганна са спасылкай на словы адваката.

"Мама кажа, што рыхтуецца да суровага выніку справы. А як будзе – пабачым", — адзначае Ганна.

Ірыну Леўшыну затрымалі 18 жніўня 2021 года. Тады сілавікі прыйшлі з ператрусамі ў офіс навінавага агенцтва і дадому да некалькіх супрацоўнікаў. Ператрусы праводзіліся ў рамках крымінальнай справы па артыкуле "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх". Але абвінавачванне Леўшынай, а таксама экс-дырэктара кампаніі Дзмітрыя Наважылава (ён таксама затрыманы і знаходзіцца ў зняволенні) прад'явілі па іншым артыкуле — іх абвінавачваюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры (ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).

Праваабаронцы прызналі Леўшыну і Наважылава палітвязнямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі