Гандбольнага трэнера Канстанціна Якаўлева асудзілі на 15 сутак арышту
Актывіста Свабоднага аб'яднання спартсменаў, галоўнага трэнера гандбольнага клуба "Віцязь" Канстанціна Якаўлева асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго прызналі вінаватым у "парушэнні парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў", паведамляе тэлеграм-канал @zozhteam.
Якаўлева затрымалі 16 чэрвеня па дарозе з Баранавічаў у Мінск. Разам з сябрамі з Свабоднага аб'яднання спартсменаў ён ездзіў сустракаць журналіста "Трыбуны" Дзмітрыя Руто, які выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Дома ў трэнера прайшоў "агляд", сілавікі забралі камп'ютары, тэлефоны, медалі з выявай "Пагоні" і г. д. Канстанціна Якаўлева прывезлі туды ў кайданках. На вечар серады ў яго была прызначана адкрытая трэніроўка ў Новай Баравой. Такім чынам яе сарвалі.
17 чэрвеня Якаўлева пачалі судзіць у будынку ізалятара часовага ўтрыманьня Мінскага раёна ў закрытым рэжыме. Адміністрацыйную справу адпраўлялі на дапрацоўку. Суддзя спачатку вырашыў адпусціць трэнера да пятніцы, але пасля перадумаў і пакінуў за кратамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.