Гандлёвы цэнтр у Найробі захапілі тэрарысты: загінула 59 чалавек
Болей за 170 чалавек атрымалі раненні, у будынку застаюцца закладнікі, іх колькасць невядомая.
Здарэнне адбылося ў суботу ў гандлёвым цэнтр Westgate у кенійскай сталіцы Найробі. Адказнасць за напад узяла на сябе самалійская ісламісцкая групоўка “Аль-Шабаб”. Адразу пасля першых паведамленняў пра напад прадстаўнік групоўкі заявіў у інтэрв’ю ВВС, што яны ажыццявілі атаку ў адказ на прысутнасць кенійскіх войскаў у Самалі.
На поўдні Самалі з 2011 года знаходзяцца каля 4 тысяч кенійскіх вайскоўцаў у складзе кантынгенту Афрыканскага саюза. Яны ўдзельнічаюць у аперацыях супраць ісламістаў.
Напад на гандлёвы цэнтр Westgate — самая крывавая трагедыя ў Кеніі з 1998 года, калі ў выніку выбуху амерыканскай амбасады ў Найробі загінула болей за 200 чалавек.
Тым часам улады Кеніі абвясцілі, што войска і паліцыя пачалі “буйную аперацыю” супраць баевікоў, якія засталіся ў гандлёвым цэнтры, і што верхнія паверхі будынка ўжо цалкам кантралююцца ўрадавымі сіламі.
Да аперацыі супраць тэрарыстаў далучыліся ізраільскія вайскоўцы — яны дапамагаюць у якасці дарадцаў, але самі не прымаюць непасрэднага ўдзелу ў аперацыі.