Ганна Пякарская: Сёлетняе "Басовішча" будзе найлепшым
Арганізатара маштабнага беларускага фестывалю "Басовішча" Ганну Пякарскую апошнім часам часта можна сустрэць на вуліцах Мінска. Этнічная беларуска прыязджае з Польшчы патусіць на канцэртах, сустрэцца з сябрамі і проста пашпацыраваць па горадзе. Ганна прызнаецца, што вельмі любіць Беларусь і адчувае сябе тут цалкам шчаслівай. У адзін з такіх прыездаў Пякарская завітала на Еўрарадыё і распавяла пра асаблівасці сёлетніх "Басоў" і свой прыход да "беларускасці".
"Басовішча" — штогадовы фестываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі, які праходзіць у Гарадку на Беласточчыне пачынаючы з 1990 года. У яго межах адбываецца конкурс маладых гуртоў, пераможцамі якога ў розныя гады былі Indiga, IQ48, Parason, Hasta la Filsta, “Фляус и Кляйнн”, “Глюкі”, Кальян” і іншыя. Хэдлайнерамі фэсту былі N.R.M., Neuro Dubel, Ulis, “Крама”, Zero-85. Апроч беларускіх гуртоў на “Басовішчы” выступаюць і замежныя зоркі.
З мяне ўсе смяюцца, што прыйдзе дзень, і я пераеду жыць у Беларусь
Ганна Пякарская: Калі сюды прыязджаю, то адчуваю сябе як дома. Я вельмі шчаслівая, што маю магчымасць быць тут, слухаць музыку, сустракацца з людзьмі. Бо ў пэўны момант мы, арганізатары "Басовішча", зразумелі, што немагчыма рабіць беларускі фестываль без беларусаў і Беларусі.
Еўрарадыё: Што табе падабаецца ў Беларусі, а што адштурхоўвае?
Ганна Пякарская: З мяне ўсе смяюцца, што прыйдзе дзень, і я пераеду жыць у Беларусь. Але гэта няпраўда. Няпраўда, таму што я — чалавек свабоды. І хаця цяжка сказаць дакладна, што тут, у вас, ёсць такога дрэннага, але фактам будзе тое, што тут свабоды пакуль няма і, пэўна, яшчэ нейкі час не будзе. Таму пакуль не пераеду (смяецца). Але гэта адзіны мінус. Я шмат разоў наведвала Беларусь за апошні год і не магу сказаць, што мне тут нешта не дазваляюць, але я нічога кепскага і не раблю, натуральна. А ўвогуле я вельмі люблю прастору ў Мінску. Вельмі люблю шпацыраваць па праспекце Незалежнасці: ён такі велізарны, прасторны. Усе кажуць, што гэта такі савецкі помнік, але мне ўсё адно — окей, гэта проста помнік і ўсё. Таксама мне падабаецца чысціня — тут заўсёды чысценька, не тое што ў нас (смяецца).
Еўрарадыё: Да таго ж ты вывучаеш беларускую філалогію. Адкуль такая любоў да ўсяго беларускага?
Ганна Пякарская: Мяркую, што бацькі перадалі мне такі падарунак. У пэўны час мая маці, якая паходзіць з падляшска-беларускай сям'і, стаяла перад выбарам. Яна мусіла вырашыць, хто яна: полька ці беларуска. У дзяцінстве яна размаўляла дома па-польску, а потым зразумела, што мова яе душы і сэрца — менавіта беларуская. Мой бацька заўсёды размаўляе дома па-беларуску, і для яго гэта натуральна. Адпаведна, для нас з сястрой гэта таксама стала натуральным. Я жыву беларушчынай усё сваё жыццё. Я, як была малая, слухала N.R.M., Neuro Dubel, "Краму", я не ведаю Kult, Perfect... Я не ведаю іншага жыцця і, відаць, не хачу. Апроч таго, для мяне беларуская мова льецца, плыве, гэта цэлая мелодыя. Я не магу сабе ўявіць мацюкоў па-беларуску, бо гэта не мова мацюкоў, а мова літаратуры. Таксама я вельмі люблю традыцыйнае беларускае мастацтва і песні — яны такія душэўныя. Магчыма, я не ведаю польскіх песень, але беларускія для мяне самыя блізкія...
А на беларускую філалогію пайшла, бо падумала, што аднойчы мне давядзецца развітацца з "Басовішчам", аднак я ўсё адно буду працягваць арганізоўваць беларускія мерапрыемствы. Адпаведна, мая мова павінная быць на максімальна высокім узроўні. А той, што я маю з сям’і і гімназіі, мала. Таму я вырашыла пайсці на кафедру беларусістыкі. Я таксама вельмі шчаслівая, бо мне падаецца, што там даўно не было асобы, якая сапраўды шчыра любіла б гэтую краіну. І я цягну сваіх аднагрупнікаў у Беларусь, і многія ўжо таксама закахаліся ў вашу краіну. І я лічу, што гэта таксама перамога. На жаль, на кафедры вучыцца няшмат людзей, і мне падаецца, гэта адбываецца таму, што кафедра паказвае малацікавую Беларусь. Але самае істотнае, што пасля навучання цяжка знайсці працу — есці ж трэба.
Атрымліваецца, што мы нібыта разам складаем лайн-ап фэсту, але, натуральна, апошняе слова будзе за мной
Еўрарадыё: Чаго новага чакаць сёлета ад "Басовішча"? Магчыма, зменяцца прынцыпы фэсту ці ўмовы для ўдзельнікаў?
Ганна Пякарская: Для ўдзельнікаў ёсць толькі адна ўмова — беларускамоўная творчасць. Мы заўсёды паўтараем, што "Басовішча" — гэта фестываль маладой беларускай музыкі. Сёлета могуць быць выключэнні ў гэтым плане, аднак усё ж цалкам рускамоўны беларускі гурт мы пакуль не запросім. Акрамя музыкі будзе пашырацца праграма пазаканцэртнай прасторы. Мы будзем рабіць bar'ber shop, пленэрную студыю тату, праводзіць беларускую інтэлектуальную гульню і дамаўляцца таксама з іншымі беларускімі "актывістамі". Так што сёлета апроч канцэртаў будзе што рабіць на "Басах".
Еўрарадыё: Можа, адкрыеш таямніцу: хто з артыстаў выйдзе на сцэну "Басовішча-2016"?
Ганна Пякарская: Нікога называць не буду, але скажу, што сёлетняя праграма будзе вельмі моцнай і што даўно не было на "Басах" такой энергетычнай праграмы. Магу сказаць, што мы чакаем госця з Сербіі, гурт Erik and the Worldly Savages, які дасць нам крыху балканскай энергіі. Беларускія гурты, якіх мы запрашаем, таксама вельмі моцныя. Магу пакуль назваць “Крамбамбулю”. Ну, і я цешуся сёлетняй конкурснай часткай — гэта такі нечаканы мікс рознай музыкі. Цікава, што ніхто з канкурсантаў, апроч M.G., не грае "басаўскай" музыкі. Гэта проста эксперымент. Будзе цяжка выбраць пераможцу, але пабачым, як атрымаецца.
Еўрарадыё: Як звычайна, вы вызначаецеся з лайн-апам? Прыдумляеце нейкую канцэпцыю?
Ганна Пякарская: Цягам года мы сочым за тым, што адбываецца ў беларускай музыцы, хто выдае альбомы, якія выдаюцца альбомы. Да таго ж цяпер я маю магчымасць прыязджаць у Беларусь і на ўласныя вочы бачыць гэтыя гурты. Бо складаць лайн-ап выключна па альбомах і запісах вельмі складана. Іншая рэч, калі ты бачыш гэта жыўцом, бачыш, як каманда працуе з публікай, як публіка рэагуе.
Еўрарадыё: Падчас выбару кіруешся сваім густам?
Ганна Пякарская: Натуральна, калі я езджу, слухаю, то, вядома, кіруюся сваім густам. Да таго ж я размаўляю з людзьмі, пытаюся, што яны думаюць наконт таго ці іншага выканаўцы, размаўляю з журналістамі, якія займаюцца гэтым штодня. Атрымліваецца, што мы нібыта разам складаем лайн-ап фэсту, але, зразумела, апошняе слова будзе за мной (смяецца).
Еўрарадыё: Ці мае цяперашні фэст сваю генеральную лінію?
Ганна Пякарская: Мне пакуль цяжка сказаць, у які музычны кірунак гэта рухаецца. Напэўна, мы адыходзім ад старога басаўскага панкаўскага фармату, таму што ніхто з нас, з арганізатараў, не слухае штодня такую музыку. А мы лічым, што, калі робім фэст, мы, па-першае, робім яго для сябе. Бо насамрэч цяжка запрашаць гурты, якія табе не падабаюцца. Думаю, што сапраўды пачынаецца нешта новае. Праз некалькі гадоў будзе лягчэй сказаць, у які мы пайшлі бок, але калі я гляджу на сёлетнюю праграму, якую мы сабе распісалі, мне падаецца, што гэтыя "Басы" будуць такімі ж добрымі, як найлепшыя "Басы", якія толькі могуць быць... Ведаеш, момант, калі ты стаіш на сцэне і кажаш: "Прывітанне, Басовішча"!" — самы важны для мяне ў годзе. Бо я стаю, бачу гледачоў і разумею, што зноў усё атрымалася. Я тады ганаруся сабой: я працавала год, зрабіла велізарную працу, і гэта было варта таго.
Калі складаем праграму, шукаем гурты, якія "спяваюць" душой
Еўрарадыё: Наколькі "Басовішча" — еўрапейскі фестываль?
Ганна Пякарская: Вядома, гэта еўрапейскі фэст і мы ідзем да еўрапейскага ўзроўню, калі гаварыць пра арганізацыю і тэхнічны бок. Але, думаю, вельмі цяжка знайсці іншае "Басовішча". Напрыклад, летась я была на польскім "Вудстоку": я пабачыла там многа новага і цікавага, што хацелася б прынесці аднойчы ў Борык. Калі мы складаем праграму, шукаем гурты, якія "спяваюць" душой, якія праз музыку перадаюць сябе. У мяне ўражанне, што на такіх вялікіх фэстах няма той душы, якую мы шукаем. Але ў любым выпадку мы ездзім, глядзім, вучымся, хоць не заўсёды веды бываюць патрэбныя.
Еўрарадыё: Табе таксама даводзіцца займацца і пошукам грошай на фэст?
Ганна Пякарская: Грошы — гэта самая складаная справа, бо тры гады запар мы маем гатовую праграму ў канцы года. У снежні-студзені мы дамаўляемся з гуртамі, і яны называюць свае ганарары. Але нам цяжка размаўляць з імі пра грошы, бо пакуль у нас іх няма. І мы кожны год молімся, каб грошы выдаткавалі. Бо ўсе думаюць, што раз гэта Польшча, то там ёсць грошы. Але гэта зусім не так. Так што спонсары і фінансы — гэта самая вялікая праблема, таму што думак шмат, шмат ідэяў, але без грошай усё рэалізаваць няпроста. Дарэчы, мы вельмі адкрытыя. Калі нехта мае ідэі і хоча да нас далучыцца, калі ласка! Пішыце. Зробім "Басы" разам.
Еўрарадыё: Ці чакаць візавай падтрымкі для наведнікаў фэсту ў гэтым годзе?
Ганна Пякарская: Нядаўна мы пачалі супрацоўнічаць з фірмай, што ладзіла тур на канцэрт Brutto і "Дзецюкоў" у Беласток. І яны распавялі, што ўмеюць дамаўляцца з нашымі і вашымі консуламі і амбасадарамі. Мы спадзяемся, што ўсё атрымаецца. Мы штогод робім усё магчымае, каб была візавая падтрымка. Але, на жаль, не ўсё залежыць ад нас.