Гайд для беларускіх добраахвотнікаў: як легалізавацца ў Польшчы пасля вайны

Варшава, Польшча

Варшава, Польшча / Улад Рубанаў, Еўрарадыё

Калі ў беларускага добраахвотніка заканчваецца пашпарт, то толькі выезд у Польшчу можа гарантаваць яму легалізацыю, кажуць валанцёры ініцыятывы Partyzankа.

"Праз Еўрарадыё мы звяртаемся да нашых беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца цяпер ва Украіне. Тэрмін дзеяння вашага беларускага пашпарта можа стварыць перашкоды для легалізацыі", — папярэджваюць валанцёры і прапануюць некалькі крокаў па легалізацыі ў Польшчы.

 

Крок 1. Праверце тэрмін дзеяння вашага пашпарта

Адкрыйце свой беларускі пашпарт на апошняй старонцы. Калі тэрмін яго дзеяння заканчваецца праз два месяцы, "партызанкі" рэкамендуюць пачынаць дзейнічаць як мага хутчэй.

Сёння толькі выезд у Польшчу гарантуе вам магчымасць легалізацыі ў Еўрасаюзе. Тут замест беларускага пашпарта вы можаце атрымаць польскі праязны дакумент.

Ва Украіне пры звальненні з войска вы страчваеце вайсковы білет. З пашпартам, у якога скончыўся тэрмін дзеяння, ваша знаходжанне ў краіне становіцца нелегальным.

Звальненне можа здарыцца і па экстранных прычынах: напрыклад, раненне або кантузія. І па чалавечых: напрыклад, вы проста стаміліся. У любым выпадку, хай у момант, калі вы адчуеце стомленасць ад вайны, у вас будзе магчымасць пачаць новае цывільнае жыццё ў Еўропе.

 

Крок 2: Звяжыцеся з "партызанскай інфалініяй"

Зрабіце гэта, пакуль вы знаходзіцеся ва Украіне. Кантакты можна знайсці тут. Вы атрымаеце індывідуальную юрыдычную кансультацыю.

 

Крок 3: Зварот да консула Рэспублікі Польшча

Напішыце электронны ліст консулу Польшчы ў Львове і папрасіце гуманітарную візу.

Калі ў візе вам адмовяць, паспрабуйце перасекчы мяжу без візы. Трапіўшы на тэрыторыю Польшчы, падайце заяву на міжнародную абарону. Валанцёры папярэджваюць: калі ў вас няма візы, польскія памежнікі могуць адмовіць ва ўездзе і прыняцці заявы на міжнародную абарону, хоць па законе не маюць права гэта рабіць. Падобная сітуацыя была падчас міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы. Калі вы сутыкнуліся з такой праблемай — таксама звязвайцеся з "Партызанкай".

Але калі візу вам выдалі, едзьце ў любы польскі горад.

 

Крок 4: Легалізацыя ў Польшчы

А калі прыедзеце, зноў звярніцеся ў Partyzanka. Там вам дапамогуць:

- запісацца і падаць дакументы на афармленне міжнароднай абароны;
- атрымаць польскі праязны дакумент; 
- падаць дакументы на інтэграцыйную праграму (IPI). Гэта праграма падтрымкі людзей, якім далі міжнародную абарону ў Польшчы.

 

Крок 5. Калі хочаце вярнуцца ва Украіну

"Пытанне вяртання добраахвотнікаў ва Украіну вырашаецца імі самімі праз іх вайсковую часць. Дэталяў выдаваць мы не можам", — кажуць у "Партызанцы".

Беларусам у эміграцыі дапамагае фонд Humanosh, вы можаце падтрымаць яго тут. А калі жывяце ў Польшчы і хочаце падтрымаць дзейнасць "Партызанкі" — можаце пералічыць частку сваіх падаткаў на працу валанцёраў арганізацыі. Вось тут ёсць падрабязная інструкцыя, як гэта зрабіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі