Гайдукевіч заявіў, што сувэрэнітэт Беларусі магчымы пры моцнай Расіі

Алег Гайдукевіч / Еўрарадыё
Алег Гайдукевіч / Еўрарадыё

Дэпутат і лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч абрынуўся з крытыкай на запрашэнне ўкраінскага МЗС Беларусі ў Люблінскі трохвугольнік і заявіў, што толькі саюз з Расіяй "умацоўвае дзяржаўнасць і суверэнітэт" Беларусі. 

"Робіць гэта кіраўнік МЗС тады, калі ў цэнтры Кіева людзей збіваюць за тое, што яны прыйшлі да беларускай амбасады з нашымі дзяржаўнымі сцягамі, збіваюць на вачах ва ўсіх. Калі наш дзяржаўны сцяг у Латвіі і Літве здымаюць і кідаюць на зямлю, абражаючы краіну і народ. Нахабна ўмешваючыся ва ўнутрыпалітычныя справы, абвяшчаючы санкцыі, парушаючы ўсе магчымыя міжнародныя нормы. Дзе мяжа нахабства і непавагі?" — абураецца Гайдукевіч.

На думку дэпутата краіны, краіны Люблінскага трохвугольніка (Польшчу, Літву і Украіну) аб'ядноўвае толькі антырасійскі парадак. 

"Яны жывуць гэтым, змагаючыся з міфічнай расійскай пагрозай, выпрошваючы на гэта рэсурсы і грошы. Не, сябры. Дзякуй за прапанову. Вам патрэбная слабая Расія, а нам — моцная", — заяўляе дэпутат, сцвярджаючы, што ўлады пры гэтым думаюць пра "дзяржаўнасць і суверэнітэт".

Пры гэтым, упэўнены Гайдукевіч, суседнія народы хочуць міру і супрацоўніцтва і з Беларуссю, і з Расія".

"Не трэба гэтае супрацьстаянне. Але вы не чуеце іх ці вам не даюць чуць. Дык хто з нас па-сапраўднаму мае суверэнітэт? Адказ відавочны: Беларусь. І так і будзе", — прагназуе дэпутат.

7 ліпеня кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба запрасіў "дэмакратычную Беларусь" далучыцца да Люблінскага трохвугольніка, назваўшы яго альтэрнатывай рускаму свету. Фармат Люблінскага трохвугольніка быў створаны летам 2020 года кіраўнікамі МЗС Украіны, Літвы і Польшчы ў Любліне. У межах яго бакі збіраюцца абмяркоўваць такія пытанні, як бяспека, эканоміка, гандаль, інвестыцыі, турызм і інфраструктура.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі