Генасамблея ААН заклікала не прызнаваць Іерусалім сталіцай Ізраіля
21 снежня Генасамблея ААН заклікала не прызнаваць Іерусалім сталіцай Ізраіля. Сярод 128 краін, якія выказаліся ў падтрымку рэзалюцыі, была і Беларусь. Супраць выступілі 9 краін (ЗША, Ізраіль, Гватэмала, Гандурас, Мікранэзія, Маршалавы астравы, Науру, Палаў і Тога), устрымаліся 35. Прэс-служба ААН адзначае, што Украіна, Малдова, Грузія, Туркменістан і яшчэ шэраг дэлегацый у галасаванні не ўдзельнічалі.
Як паведамляла Еўрарадыё, 6 снежня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прыняў рашэнне прызнаць Іерусалім сталіцай Ізраіля. Як вядома, усходняя частка горада ўжо паўстагоддзя лічыцца акупаванай ізраільцянамі тэрыторыяй. У рэзалюцыі ААН пацверджаны асаблівы статус Іерусаліма. У дакуменце падкрэсліваецца, што любыя меры, накіраваныя на яго змену “не маюць юрыдычнай сілы”. Чальцы Генасамблеі заклікалі дзяржавы свету не адкрываць у гэтым горадзе свае амбасады (яны знаходзяцца ў Тэль-Авіве).
Цікава, што ў рэзалюцыі Генасамблеі ААН не згадваюцца Злучаныя Штаты і іх ініцыятыва. Яшчэ да галасавання пастаянная прадстаўніца ЗША ў ААН Нікі Хейлі заявіла: “Гэтае галасаванне паўплывае на адносіны амерыканцаў да ААН і нашыя адносіны да тых краін, якія не паважаюць нашыя рашэнні ў ААН”. А напярэдадні амерыканскі прэзідэнт заявіў, што можа пазбавіць фінансавай дапамогі тыя краіны, якія падтрымаюць рэзалюцыю Арганізацыі аб’яднаных нацый.