Гендырэктар "Барысаўдрэва" працягвае працаваць, а Батура гуляе па Мінску
Уладзімір Мальцаў разгарнуў дзейнасць па ліквідацыі недахопаў, якія выявіў на прадпрыемстве кіраўнік дзяржавы.
Нагадаем, 8 лістапада Аляксандр Лукашэнка наведаў прадпрыемства "Барысаўдрэў". Ён правяраў, як ідзе мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай галіны. Вынікі не задаволілі кіраўніка Беларусі, і ён заявіў пра шэраг гучных адставак. Лукашэнка даваў былому старшыні Мінаблвыканкама Барысу Батуры тры дні, каб з’явіцца на новым працоўным месцы — у якасці гендырэктара "Барысаўдрэва".
На наступны дзень стала вядома, што кіраўнік дзяржавы падпісаў указ №502 "Пра адказнасць за парушэнне выканальніцкай дысцыпліны". Гэтым дакументам звальненне Барыса Батуры замацаванае. Але скандальнае прызначэнне на завод ва Указе не згадваецца.
Тры дні сканчаюцца 11 лістапада. Раніцай у гэты дзень на пасадзе гендырэктара “Барысаўдрэва” па-ранейшаму працуе Уладзімір Мальцаў — як і да скандальных звальненняў, якія ўчыніў Лукашэнка.
“Я яго [Уладзіміра Мальцава. — Еўрарадыё] бачыў. Але ж ён мне справаздачу не робіць. Можа, недзе на тэрыторыі, ці ў выканкам паехаў”, — распавядаюць Еўрарадыё ў аддзеле маркетынгу “Барысаўдрэва”.
Дарэчы, у суботу Мальцаў удзельнічаў у суботніку на прадпрыемстве, пра што на тэлеканале АНТ з'явіўся сюжэт (гл. відэа).
Тым жа пунктам Указа №502 вызвалены ад пасады старшыня канцэрта “Беллесбумпрам” Аляксандр Пераслаўцаў. Лукашэнка (праз той жа Указ) прызначыў чыноўніка загадчыкам “Будаўнічага трэста №21”. Як стала вядома Еўрарадыё, раніцай 11 лістапада Пераслаўцава таксама не было на новым працоўным месцы.
Што да Барыса Батуры, дык ён шукаць новую працу не збіраецца. З былым кіраўніком Мінскай вобласці пагаварыла "Комсомольская правда в Беларуси". "Я нікуды не пайшоў на працу", — сказаў Батура. Паводле яго словаў, ён гуляе па Мінску. Барыс Батура кажа, што на працу на завод яго не прызначалі, "звольнілі і ўсё", і цяпер ён стане пенсіянерам ды "з заўтрашняга дня" будзе "прымаць кропельніцы".