Генпракуратура адмяніла аўкцыён на права арэнды кінатэатра "Перамога"
Аўкцыён на права арэнды кінатэатра "Перамога" ў цэнтры Мінска не адбыўся. Ён быў прызначаны на 14 верасня, аднак Генпракуратура загадала адмяніць яго, паведамляе tut.by.
Генеральная пракуратура вынесла прадпісанне КУП "Мінская спадчына". Пракурорскія работнікі пабачылі парушэнне заканадаўства аб распараджэнні дзяржаўнай уласнасцю і ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Гаворка ідзе пра адвольную змену мэтавага прызначэння будынка, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Таксама кінатэатр планавалася без навуковага абгрунтавання надзяліць неўласцівымі яму функцыямі.
Найстарэйшы кінатэатр сталіцы знаходзіцца на рэканструкцыі з 1 студзеня 2017 года. "Мінская спадчына" меркавала прадаць права на арэнду будынка на 10 гадоў пасля рэканструкцыі. Патэнцыйны арандатар мусіў прыняць удзел у рэканструкцыі "Перамогі" за свой кошт.