"Грошай на рамонт ужо няма". Як беларуска купляла кватэру ў Варшаве
Беларуска купіла кватэру ў Варшаве
Пасля вымушанай эміграцыі беларусы сутыкнуліся з вялікай колькасцю бытавых праблем. Па сутнасці, людзям давялося пачынаць новае жыццё: прывыкаць да іншага ладу, вучыць мову, шукаць працу і жыллё.
Многія не гатовыя чакаць зменаў у Беларусі і вырашаюць застацца за мяжой надоўга. Так зрабіла і гераіня Еўрарадыё Алена (імя змененае). Пражыўшы некалькі гадоў у Польшчы, яна вырашыла кінуць тут якар і набыць кватэру.
Еўрарадыё расказвае, праз што давялося прайсці беларусцы, перш чым абзавесціся ўласным жыллём у Варшаве.
"Трэба браць крэдыт, раніцай пайду ў банк"
Да 2022 года Алена жыла ў Беларусі, працавала настаўніцай у школе, а таксама выкладала польскую.
За некалькі дзён да пачатку вайны Алена прыехала ў Польшчу, але вяртацца назад у Беларусь пабаялася. Засталася ў Варшаве і пачала працаваць з украінскімі ўцекачамі.
— Я ідэальна ведаю польскую, што вельмі важна пры афармленні розных дакументаў. Мы выдавалі людзям грошы, прадукты, лекі, шукалі ім жыллё, дапамагалі з легалізацыяй у Польшчы. Рабілі ўсё, што ў нашых сілах.
Увосень сітуацыя на працы, са слоў Алены, моцна змянілася. Фінансаванне скарацілася, уцекачам сталі менш дапамагаць, супрацоўнікі звальняліся.
На той момант беларуску звольніць не маглі: гэтую працу, акрамя яе, няма каму было выконваць. У яе павялічылася нагрузка, і начальства падняло заробак, аднак папярэдзіла, што са студзеня будзе вымушанае яе звольніць.
— І вось я прыходжу дадому, кладуся спаць. Усё як звычайна, але раптам мяне проста альсніла: "У мяне ж зараз заробак 6 тысяч злотых, трэба браць крэдыт, раніцай пайду ў банк".
"Чаму б не рызыкнуць?"
Шчаслівым выпадкам Алена здымала кватэру ў жанчыны, якая працуе ў адным з польскіх банкаў. Менавіта да яе беларуска і звярнулася наступнай раніцай.
— Яна заўсёды смяялася: "Калі калі-небудзь табе спатрэбіцца крэдыт на іпатэку, я табе дапамагу". Гэта быў не проста лёс. Я падумала: калі не зараз, то ўвогуле ніколі, бо са студзеня мяне звольняць. Калі ў мяне цяпер плюс-мінус нармальная зарплата, то чаму б не рызыкнуць? Яна патлумачыла, што я магу трапіць пад ільготны крэдыт 2%, у іх заставалася некалькі месцаў, а потым гэтую праграму згортвалі. Для афармлення крэдыту патрэбны быў мой ВНЖ, даведка аб даходах і дагавор аб куплі кватэры. Таму мне трэба было як мага хутчэй знайсці кватэру.
Першыя 30 месяцаў Алена будзе плаціць па стаўцы 2% 2300 злотых на месяц, на наступныя 17 з паловай гадоў стаўка павысіцца. Таксама першыя 10 гадоў кватэру нельга прадаваць і здаваць у арэнду.
Жанчына кажа, што ў пазітыўным выніку яна была цалкам упэўненая.
— Ведаеце, я ў сваім жыцці не раблю нічога, у чым не ўпэўненая. Я вырашыла — і ўсё. На вейкі ўстану, але змагу. Альбо раблю, альбо не. Так, давядзецца аддаваць даўгі, рабіць рамонт і шмат працаваць, але гэта трэба было перажыць. Я цяпер дасведчаны баец.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.