Генпракуратура хоча ўнесці Брэсцкую крэпасць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА
"Мемарыял... сімвалізуе абарону міру ад нацызму і барацьбу з развязанай палітыкай генацыду"
Генпракуратура хоча ўнесці мемарыяльны комплекс "Брэсцкая крэпасць-герой" у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА і звярнулася з такой прапановай у Саўмін. Да гэтай ідэі ў РБ вярнуліся на фоне апантанасці новай ідэалогіяй генацыду беларускага народа.
Адзначаецца, што пытанне ўздымалася яшчэ ў пачатку 2000-х. У 2003-м Беларусь наведвалі эксперты міжнароднай арганізацыі. Крэпасць трапіла ў папярэдні спіс, з якога яе выключылі ў 2016-2017 гадах. Сама ж Генпракуратура прызнае, што "магчымай прычынай гэтага стала наяўнасць на тэрыторыі крэпасці манументаў Вялікай Айчыннай вайны". А да 2021 года дзейнічаў мараторый на ўнясенне ў спіс ЮНЭСКА аб'ектаў, звязаных з падзеямі ваеннай гісторыі (выключэнне было зроблена для былога канцлагера "Асвенцым").
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі нават пагадзіўся паспрабаваць уключыць Брэсцкую крэпасць у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА не ў якасці аб'екта Вялікай Айчыннай вайны, а як абарончага збудавання Расійскай імперыі XIX-XX стагоддзяў. У 2020-м гэтае пытанне "прапрацоўвалася". Цяпер жа вярнуліся да ранейшага варыянту.
"З улікам асаблівай дзяржаўнай важнасці расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа Генеральная пракуратура прапанавала давесці да сусветнай супольнасці Брэсцкую крэпасць не ў якасці форта XIX стагоддзя, а як мемарыял Вялікай Айчыннай вайны, які сімвалізуе абарону міру ад нацызму і барацьбу з развязанай палітыкай генацыду ў дачыненні да нашага народа", — заявілі ў Генпракуратуры РБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.