Генпракуратура не ведае пра парушэнні пры будаўніцтве бізнэс-цэнтра ў Курапатах
Высвятляць, наколькі законным было вылучэнне зямлі пад будаўніцтва бізнэс-цэнтра каля Курапатаў, будзе мінская гарадская пракуратура. У Генпракуратуры пра парушэнні ў былой ахоўнай зоне мемарыяла нічога не ведаюць. Так ведамства адказала на афіцыйны запыт журналістаў партала tut.by.
"У цяперашні час Генеральная пракуратура не мае інфармацыі пра парушэнні заканадаўства пры фармаванні і выкарыстанні зямельнага ўчастка, прадастаўленага для будаўніцтва дадзенага аб'екта", — гаворыцца ў афіцыйным адказе ведамства.
Чарговы этап абароны Курапатаў адбыўся ў лютым 2017 года. На вуліцы Мірашнічэнкі пачалося будаўніцтва бізнэс-цэнтра. Да 2014 года пляцоўка ўваходзіла ў ахоўную зону Курапатаў — месца масавых расстрэлаў рэпрэсаваных у сталінскія часы.
Супраць новага будаўніцтва выступілі як мясцовыя жыхары, так і актывісты. Абаронцы Курапатаў 15 дзён дзяжурылі каля пляцоўкі круглыя суткі, каб спыніць будаўніцтва бізнэс-цэнтра. У выніку забудоўшчык згарнуў работы і паабяцаў сысці з вылучанага ўчастку. А вось некаторыя абаронцы атрымалі суткі арышту і штрафы за ўдзел у акцыях пратэсту.
Галоўная прэтэнзія абаронцаў палягала на незаконным вылучэнні ўчастка. Гарадскія ўлады прадалі яго на аўкцыёне ў 2013 годзе, калі ён яшчэ ўваходзіў у ахоўную зону Курапатаў. З гэтага рэестра пляцоўку выключылі толькі ў 2014 годзе.
На адрас Мінкульта, які дазволіў будаўніцтва, публічна выступіў з крытыкай дэпутат Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк. Ён намякнуў, што справай можа заняцца Следчы камітэт.
Пасля пратэстаў у Курапатах адбыўся афіцыйны суботнік, арганізаваны Федэрацыяй прафсаюзаў. А Мінкульт 28 сакавіка абвясціў конкурс на стварэнне мемарыяла.