Генпракуратура завяла крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі
Раман Бандарэнка
Генеральная пракуратура Беларусі завяла крымінальную справу па факце смерці Рамана Бандарэнкі, паведамляе прэс-служба ведамства ў сваім тэлеграм-канале.
Справа заведзеная па ч. 3 арт. 147 КК РБ "Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека".
Справа будзе знаходзіцца ў вытворчасці Генпракуратуры. Пры гэтым у ведамстве адразу ўдакладнілі, што "дачыненне супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прычынення Бандарэнкі Р. І. цялесных пашкоджанняў не ўстаноўлена".
Раман Бандарэнка памёр у бальніцы на наступныя суткі пасля затрымання. Ён выйшаў на "Плошчу перамен" разам з суседзямі, каб спыніць невядомых якія прыехалі зрэзаць бел-чырвона-белыя стужачкі. Узнік канфлікт, невядомыя забралі яго ў мікрааўтобус. Пасля чаго родныя знайшлі яго ў шпіталі ў вельмі цяжкім стане. Выратаваць яго ўрачы не змаглі. Прадстаўнікі ўлады, у тым ліку і Аляксандр Лукашэнка, неаднаразова казалі, што Бандарэнка быў п'яны, хоць медыцынскія дакументы сведчаць пра адваротнае. Медыка, які перадаў журналістам гэтыя дакументы, Арцёма Сарокіна і журналістку Кацярыну Барысевіч, якая іх апублікавала, будуць судзіць за разгалошванне медыцынскай таямніцы.
Пазней высветлілася, што сярод невядомых, якія былі ў той вечар на "Плошчы перамен", знаходзіўся чалавек, падобны да кіраўніка Беларускай федэрацыі хакея Дзмітрыя Баскава.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.