Першае, што пачула ў шпіталі маці Рамана Бандарэнкі: "У Ромы няма шанцаў"

Алена Бандарэнка / TUT.by​
Алена Бандарэнка / TUT.by​

Пра тое, што з сынам здарылася бяда, маці Рамана Бандарэнкі Алена Сяргееўна даведалася толькі пад раніцу 12 лістапада, пра гэта яна расказала парталу TUT.by. Увечары 11 лістапада Раман выйшаў на двор на "Плошчы Перамен", быў затрыманы, збіты і на наступны дзень памёр у Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі (БХМД).

Калі яго маме а палове чацвёртай ночы пазванілі ў дзверы незнаёмыя маладыя людзі, у БХМД ўжо ішла аперацыя.

"Мне пакінулі нумар тэлефона рэанімацыі. Я ўсю ноч тэлефанавала, увесь час казалі, што ідзе аперацыя. Дзесьці ў шэсць гадзін або пачатку сёмай сказалі, што аперацыю зрабілі, што ён у цяжкім крытычным стане. Калі я прыехала ў бальніцу, першае, што сказаў лекар: у Ромы няма шанцаў", — кажа Алена Сяргееўна.

Яе пусцілі ў палату да сына, яна пабыла там некаторы час.  У бальніцы тым часам планавалі кансіліум з удзелам галоўнага нейрахірурга Міністэрства аховы здароўя. Па яго выніках Алене Мікалаеўне паведамілі, што ў Рамана толькі адзін шанец з тысячы.

"Лекары сказалі, што самае страшнае — у яго пашкоджаны ствол галаўнога мозгу вышэй за патыліцу, які адказвае за ўсе функцыі арганізма. Не толькі за жыццёва важныя, як дыханне і сэрцабіццё, але нават за смак, нюх", — расказвае яна. Медыкі сказалі, што патрэбная яшчэ адна аперацыя, але трэба вычакаць час, каб стан Рамана стабілізаваўся.  

"Я з'ехала, і літаральна праз 40 хвілін Раман памёр", — кажа Алена Сяргееўна.

Яна таксама пракаментавала заяву Генпракуратуры, якая сцвярджае, што "ў біялагічных асяроддзях", узятых для даследавання, алкаголь усё ж быў.

Алена Сяргееўна кажа, што бачыла сваімі вачыма і медкарту, і аналізы сына. "Я заяўляю са 100% упэўненасцю, што Рома быў цвярозы, і папрасіла лекараў, каб яны не трымалі гэта ў сакрэце", — сказала яна.

Яна таксама расказала, што падчас гутаркі ў Генпракуратуры ёй паведамілі, што падстаў для завядзення крымінальнай справы пакуль няма, але "яны ўсё правяраюць — а нам застаецца толькі чакаць", сказала Алена Бандарэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі