Генпракурору ФРГ пададзеная заява на шасцярых беларускіх сілавікоў
Акрэсціна / "Вясна"
Праваабаронцы падалі федэральнаму пракурору Германіі заяву на беларускіх сілавікоў, абвінавачаных імі ў злачынствах супраць чалавечнасці, паведамляе Deutsche Welle.
Заява складзеная Еўрапейскім цэнтрам канстытуцыйных правоў і правоў чалавека (ECCHR) і Сусветнай арганізацыяй супраць катаванняў (OMCT).
У дакуменце названыя імёны і прозвішчы 6 высокапастаўленых супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія, паводле дадзеных праваабаронцаў, здзейснілі злачынствы супраць чалавечнасці. Заява таксама ўтрымлівае інфармацыю аб масавых затрыманнях, катаваннях, знікненні людзей, сексуальным гвалце і пераслед па палітычных матывах.
"Мы чакаем, што федэральны пракурор ініцыюе працэдуру расследавання ў дачыненні да адказных асоб, паколькі ў самой Беларусі ў агляднай будучыні расследавання парушэнняў міжнароднага заканадаўства не прадбачыцца", — заявіў дырэктар праграмы ECCHR па праблемах міжнародных злачынстваў і прававой адказнасці Андрэас Шулер.
Расследаванне павіннае праводзіцца ў рамках еўрапейскай ініцыятывы па выяўленні вінаватых у злачынствах супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі, паведаміў прадстаўнік ECCHR.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.