Германія і ЗША дамовіліся па "Паўночным патоку" і паабяцалі дапамагчы Украіне
У Расіі разлічваюць завяршыць будаўніцтва газаправода да канца 2021 года / Reuters
Германія абяцае дапамагчы з падаўжэннем дамовы аб транзіце газу праз Украіну пасля 2024 года, пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве ФРГ і ЗША аб падтрымцы Украіны, паведамляе ТАСС. Гэтым пытаннем будзе займацца прызначаны спецпрадстаўнік.
"ЗША і Германія пагадзіліся, што ў інтарэсах Украіны і Еўропы працягнуць транзіт газу праз Украіну пасля 2024 года", — гаворыцца ў заяве. З аглядкай на гэта Берлін "абавязваецца выкарыстоўваць усе даступныя рычагі ўплыву, каб садзейнічаць прадаўжэнню на тэрмін да 10 гадоў пагаднення аб транзіце газу паміж Украінай і Расіяй і прызначыць для гэтага спецыяльнага прадстаўніка". Перамовы па гэтым пытанні павінны пачацца не пазней за 1 верасня.
Германія таксама ўзяла на сябе абавязанні дапамагчы Украіне з энэргарэформай. Мяркуецца стварыць "зялёны фонд", які будзе садзейнічаць рэформе, а таксама павышэнню энергаэфектыўнасці і энергабяспекі Украіны. Берлін і Вашынгтон паабяцалі вылучыць на працу фонду "як мінімум 1 мільярд долараў".
Германія таксама паабяцала падтрымаць энергетычную бяспеку Украіны на выпадак магчымага спынення паставак газу з Расіі.
Вашынгтон раней выступаў супраць "Паўночнага патоку-2", нават спрабаваў прыпыніць яго будаўніцтва пры дапамозе санкцый. Аднак на гэтым тыдні паміж Берлінам і Вашынгтным было дасягнута пагадненне па гэтым пытанні. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абмяркоўваў гэтае пытанне з канцлерам Германіі Ангелай Меркель.
"Паўночны паток-2" завершаны на 99%. Ідэя аб тым, што [можна было] зрабіць нешта з мэтай яго спынення не з'яўляецца магчымай [для рэалізацыі на практыцы]", — прыводзіць словы Байдэна агенцтва ТАСС. Байдэн распавёў аб сваёй дыскусіі з Мэркель і абмеркаванні рызык.
"Яна і ўрад ФРГ працуюць над абавязацельствамі, якія мяркуюць, што калі Расія на самай справе прыкладзе намаганні з мэтай наўмыснага прычынення шкоды Украіне і іншым краінам, то яны [германскія ўлады] адкажуць", — сказаў Байдэн.
Мяркуецца, што "Паўночны паток-2" будзе цалкам гатовы да канца 2021 года. Аб гэтым у пачатку чэрвеня заявіў віцэ-прэм'ер Расіі Аляксандр Новак. Пасля ўводу газаправода Расія больш не будзе залежаць ад неабходнасці транспартаваць газ па зямлі — праз Украіну і Беларусь. Для Беларусі гэта можа азначаць вялікія страты. Транспарціроўка расійскага газу прыносіць краіне каля $ 350 млн у год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.