Гэта катаванні: маці Дзяніса Івашына — пра ўмовы ў карцары, куды змясцілі сына

Дзяніс Івашын​ / belsat.eu
Дзяніс Івашын​ / belsat.eu

У карцары гродзенскай турмы № 1, куды змясцілі журналіста Дзяніса Івашына, вельмі холадна. Гэта падобна да катаванняў, заявіла Людміла Івашына, маці журналіста, агенцтву БелаПАН.

Пра ўмовы ўтрымання стала вядома ад адвакаткі, якая напярэдадні наведала журналіста ў турме.

"Пакаралі яго па нейкіх бытавых прычынах. Што за прычыны, незразумела. Я лічу, што гэта катаванні і на гэта трэба рэагаваць", — сказала Людміла Івашына.  

Вядома, што ў карцар Дзяніса змясцілі на сем сутак. Перавесці ў звычайную камеру яго павінныя ў чацвер.

Маці таксама расказала, што настрой у Дзяніса "нармальны", ён разумее сітуацыю і тое, што змяніць гэтую сітуацыю на дадзены момант немагчыма. Ніякіх следчых дзеянняў, паводле звестак Людмілы Івашынай, з яе сынам цяпер не праводзяць.  

"Абсалютна нічога не робіцца, яго проста пазбавілі волі з мэтай, каб ён нічога не пісаў і не даносіў людзям праўду, як я гэта разумею", — сказала яна.  

Дзяніса Івашына затрымалі ўвечары 12 сакавіка. У яго кватэры, а таксама ў доме маці і бабулі правялі ператрус. Праз некалькі дзён яму выставілі абвінавачванне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса (уздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам разгалошвання звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы).

Івашын стаў дзясятым беларускім журналістам, якія трапілі апошнім часам у турму. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі