"Гомельская праўда" просіць суд прызнаць несапраўднай фатаграфію са сметніцай
Газета "Гомельская праўда" падала ў суд на мясцовага архітэктара Сяргея Ляпіна ў суд. Нагодай стала фота, на якім ён трымае газету над сметніцай.
Гомельскі актывіст Андрэй Стрыжак прыводзіць цытату з заявы ў суд: "Фатаграфія Ляпіна С.А., які выкідвае газету "Гомельская праўда" ў сметніцу, не адпавядае рэчаіснасці".
Якім чынам фатаграфія можа не адпавядаць рэчаіснасці, супрацоўнікі рэдакцыі тлумачыць не сталі.
Канфлікт паміж Сяргеем Ляпіным і "Гомельскай праўдай" звязаны з будаўніцтвам шматпавярховага дома на месцы ранейшых габрэйскіх могілак. Архітэктар раскрытыкаваў дзеянні як мясцовых уладаў, так і забудоўшчыка. У адказ на гэта мясцовыя СМІ, у тым ліку і "Гомельская праўда", апублікавалі шэраг артыкулаў, дзе Ляпіна называлі правакатарам. Урбаніст палічыў гэта абразай і падаў у суд на "Гомельскую праўду".