"Говори нормально". Як беларусы пераходзяць з рускай на родную мову
У Мінску распачаўся другі сезон сустрэч "Беларускамоўныя", якія ладзіць "Арт-сядзіба" па серадах у 19:00 у кафэ "Грай". Героі праекта — знакамітыя музыкі, студэнты вузаў, сантэхнікі, лекары, мастакі ды паэты. Яны распавядаюць пра свой шлях да роднай мовы. Гісторыі натхняюць слухачоў не баяцца ўжываць родную мову паўсюль: у школах, вузах, на працы, у крамах ды паліклініках.
"Мы матывуем — напэўна, гэта наша галоўная місія, — кажа дырэктар "Арт-сядзібы" Алесь Снег. — Бывае так, што чалавек прыходзіць на першую сустрэчу, слухае герояў — і вось, яму ўжо не церпіцца падзяліцца асабістым досведам".
Журналістка Еўрарадыё Марыя Вайтовіч пазнаёмілася з некаторымі маладымі ўдзельнікамі гэтых вечарын, якія распавялі, чаму вырашылі размаўляць па-беларуску, з якімі праблемамі сустрэліся пры пераходзе на беларускую мову і як пасля змянілася іх жыццё.
Іван Пятроў, супрацоўнік LSTR Adzieńnie: "Польшча — тое месца, дзе я ўпершыню пачаў размаўляць па-беларуску"
Івану Пятрову 27 гадоў. Цяпер ён жыве ў Мінску, працуе ў фірме LSTR Adzieńnie ды вучыцца графічнаму дызайну. Хлопец добра размаўляе на беларускай мове, у пашпарце — штамп "грамадзянін Расійскай Федэрацыі".
"Два гады таму я прыехаў з Калінінграда, там жыве мая сям'я, — распавядае Іван. — Мой тата з Беларусі, з Магілёўскай вобласці, ён размаўляе па-руску, але час ад часу ўжывае беларускія словы. У дзяцінстве ў мяне былі дзіцячыя кнігі на роднай мове, таму, мабыць, адчуваю сябе беларусам яшчэ з тых ранніх гадоў.
Тое, што беларусы мусяць ведаць беларускую мову, зразумеў, калі пачаў ганяць у Польшчу на розныя канцэрты, дзе выступалі беларускія гурты. Можна сказаць, што Польшча — тое месца, дзе я ўпершыню пачаў размаўляць па-беларуску. Мне гэта спадабалася. Пасля глядзеў беларускія праграмы, слухаў беларускае радыё, спампаваў падручнік па беларускай мове, выпісваў правілы, гартаў слоўнікі. Недзе з 2013 года стаў пісаць некаторыя допісы ў сацсетках па-беларуску.
Спачатку рускім сябрам гэта здавалася экзатычным, некаторыя пачалі казаць, што я нейкі вар'ят, маўляў, ніхто не разумее, што пішу, навошта? Я адказваў, што магу тлумачыць, пісаць нешта дадаткова ці адказваць на той мове, на якой да мяне звярнуцца. У 2014 годзе, калі пачаліся сумныя падзеі ва Украіне, я стаў карыстацца роднай мовай яшчэ часцей. Я знаёміўся з беларусамі і беларускамі ў "ВКонтакте", мне было прыемна з імі ліставацца, мы знаходзілі агульныя тэмы. У нейкі час з'явілася жаданне пераехаць на Радзіму".
Бацька Івана падтрымаў яго ідэю, а вось маці, якая мела карані ў Польшчы, марыла, каб сын вывучыў польскую мову і пераехаў у Варшаву ці Лодзь. Іван абраў Беларусь. У Мінск ён перабраўся ў 2017 годзе.
"За два гады, што тут жыву, ніколі не сустракаў варожасці да беларускай мовы. Ніхто ніколі не прасіў мяне размаўляць на іншай, — працягвае суразмоўца. — Калі людзі нешта не разумеюць, звычайна выбачаюцца. Маўляў, вучылі, але практыкі доўга не было, забыліся, просяць перакласці ці паўтарыць".
Іван кажа, што яго мара — атрымаць беларускае грамадзянства, ён спадзяецца, што праблем з гэтым не будзе.
Марына Дубатоўка, студэнтка гістфака БДУ: "Сям'я ставілася адмоўна да майго рашэння, але цяпер прывыклі"
20-гадовая студэнтка гістфака БДУ Марына Дубатоўка размаўляе на беларускай мове амаль два гады. Кажа, што пераходзіць на іншую мову толькі ў тых выпадках, калі кантактуе з замежнікамі.
"Беларуская гісторыя, культура ды мова мяне цікавілі заўсёды, — кажа дзяўчына. — Я ўспрымаю гэта суцэльна. Штодзень размаўляць па-беларуску пачала пасля знаёмства з актывістамі "Арт-сядзібы" на іх летніку ў 2017 годзе. Менавіта тады ўпершыню апынулася ў асяроддзі беларускамоўных людзей — была моцна здзіўленая, бо да гэтага не сустракала такой іх канцэнтрацыі у адным месцы ў адзін час.
Пасля летніка вырашыла паспрабаваць размаўляць сама. Было цікава, ці атрымаецца. Раней я старалася чытаць беларускую літаратуру, часам размаўляла, некаторыя прадметы на факультэце выкладаюцца па-беларуску, таму нейкая лексіка у мяне ўжо была.
Мая сям'я ставілася негатыўна да майго рашэння, але цяпер прывыклі. Спатрэбілася месяцаў шэсць. Першы час сваякі не разумелі нейкія словы, прасілі паўтарыць, пыталіся, навошта мне трэба размаўляць па-беларуску, калі я вырасла ў рускамоўнай сям'і. Было складана, але не скажу, што гэта мяне зламала. Часцей людзі ставяцца да мовы пазітыўна. Праўда, аднойчы быў выпадак, калі ў паліклініцы ў гардэробе мне вярталі паліто і я сказала: "Дзякуй!". Нейкая жанчына, што стаяла побач, запыталася: "Извините, вы говорите по-белорусски? Вы из БНФ? Нам не надо такого, как в Украине!". Я здзівілася, што адно слова выклікала такую рэакцыю. Мы трошкі пагутарылі, але я разумею, што дагэтуль ёсць людзі, іх шмат, якім здаецца дзіўным, калі нехта размаўляе па-беларуску. Тым не менш усё маё атачэнне прызвычаілася. Некаторыя сябры таксама вывучаюць родную мову. Так і жыву, не думаю адмаўляцца".
Марына дзеліцца цікавым досведам:
"Нядаўна я праходзіла практыку ў беларускамоўнай гімназіі № 23, выкладала гісторыю ў 10-11-х класаў. Не сустрэла ніводнага беларускамоўнага вучня. Так, яны карыстаюцца мовай, калі адказваюць хатняе заданне, але ўвесь час блытаюцца ў словах. Пры гэтым падручнікі — беларускія, матэматыка выкладаецца па-беларуску, але такая сітуацыя. Мабыць, у малодшых класах адбываецца нешта іншае, не ведаю. Адчуванне, што большасць вучняў старэйшых класаў прыйшлі сюды вучыцца, таму што проста побач жывуць. Інакш не магу патлумачыць".
Ганна Папова, студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ: " Бацькі ўвесь час падбівалі мяне, а я ўсё адкладала "
22-гадовая Ганна Папова вучыцца на архітэктара ды падпрацоўвае ў фірме свайго таты. Кажа, што сям'я ў яе рускамоўная, бацькі, змагары па натуры, цягнуліся да роднай мовы, слухалі беларускае радыё, але пачаць размаўляць так і не атрымалася. Тым не менш яны марылі, каб дачка размаўляла па-беларуску.
"Яны ўвесь час падбівалі мяне, а я ўсё адкладала, — смяецца дзяўчына. — І вось аднойчы да нас прыехаў мой сябар, беларускі музыка Ілля Фалежынскі. Ён зладзіў дома кватэрнік, пасля сядзелі за сталом, бацькі зноў пачалі пытацца: "Ну калі ты ўжо пачнеш размаўляць па-беларуску?". Раптам я вырашыла: усё, ад гэтага часу размаўляю толькі на роднай мове. Гэта было пяць-шэсць гадоў таму.
Прынцыпова больш не кажу нічога па-руску, за выключэннем сітуацый, калі людзі нешта не разумеюць. Але нават тады не пераходжу, а тлумачу тое, што сказала. Некалькі першых месяцаў было складана. Мне не хапала словаў, каб элементарна распавесці, як мае справы. Прыходзілася маўчаць. Пасля спампавала на тэлефон слоўнік ды падглядала, калі было трэба. Цяпер мне складана размаўляць на рускай мове".
Ганна распавядае, што ёй моцна пашанцавала з выкладчыкамі. За ўвесь час навучання ні з кім з іх ні разу не было праблем наконт мовы. Наадварот, ёй павышалі балы, рабілі нейкія бонусы, спрабавалі таксама пераходзіць на беларускую мову ў размове.
"У гэтым сэнсе ў нас вельмі прыемны факультэт, — кажа Ганна. — Першы час, праўда, некаторыя аднакурснікі жартавалі з мяне, лічылі, што я пантуюся, але пасля прызвычаіліся. Вельмі шмат было сітуацый, калі людзі прасілі, нават прымушалі перайсці на рускую мову, але я не паддавалася. Я з гэтымі людзьмі нейкі час не кантактавала, але праз год-два яны вярталіся, і беларуская мова для іх ужо не была праблемай.
Увогуле, атачэнне вельмі мяняецца. Мяркую, што мова — гэта я. Калі ты не можаш прыняць мяне з маёй мовай, напэўна, нам не па адной дарозе. Тым не менш у мяне шмат рускамоўных сяброў. Калі бачу, што нехта пачынае раптам размаўляць па-беларуску, падтрымліваю. Памылкі ўсе могуць рабіць — часам нават не выпраўляю, паколькі да гэтага не заўсёды ставяцца станоўча, можна адбіць прагу да мовы. Я і сама люблю патрасяніць, не бачу ў гэтым нічога страшнага".
Кацярына Масэ, паэтка, рэдактарка выдавецтва "Харвест": "Раней я пісала, як пішуць многія, а цяпер знайшла свае інтанацыі"
22-гадовая Кацярына Масэ распавядае, што першапачаткова яе сям'я была цалкам рускамоўнай, а ідэяй пачаць размаўляць па-беларуску захапілася яе маці. Дзяўчына вырашыла яе падтрымаць, запісалася на курсы "Мова Нанова" — і вось ужо чатыры гады маці ды дачка камунікуюць выключна па-беларуску.
"Я вырашыла паспрабаваць, не загадваючы на будучыню, але праз некаторы час не змагла вярнуцца да рускай мовы, — кажа паэтка. — Я сябе адчула ў гэтым вельмі арганічна, камфортна, дагэтуль жыву гэтай мовай, прыўношу яе ў жыццё іншых людзей".
Кацярына вучылася ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Тое, што яна раптам пачала размаўляць па-беларуску, здзівіла аднакурснікаў, але ўсе ставіліся станоўча. Некаторыя таксама натхніліся на тое, каб перайсці на беларускую мову. Выкладчыкі былі з дзяўчынай на адной хвалі.
"Цяпер нават вершы я пішу толькі на беларускай мове, — працягвае дзяўчына. — Спачатку было складана: беларуская мова была неспазнанай, гэта амаль як пачынаць пісаць на замежнай мове. Такая кампанія можа аказацца правальнай, але я рызыкнула. Пачала спрабаваць, як магла, як атрымлівалася. У выніку выйшла на лепшы ўзровень, чым быў дагэтуль. Адкрыла такія магчымасці, якіх не бачыла, пішучы на рускай мове. Цяжка патлумачыць — больш свабоды, напэўна. У нейкі момант прыйшло адчуванне, нібы я знайшла свой голас менавіта на беларускай мове. Раней я пісала, як пішуць многія, а цяпер знайшла свае інтанацыі, свой слоўнік, свае вобразы. Напэўна, гэта самае галоўнае".
Кацярына кажа, што не ведае, ці шмат людзей натхніла на такі подзвіг, але перад заканчэннем вучобы на беларускай мове пачала размаўляць яе аднакурсніца. Цяпер яна працуе на беларускамоўным радыё.
Дзяніс Мандзік, кухар у рэстаране Franky, лідар "Моладзі БНФ": "Мне проста няма куды дзявацца ад беларускай мовы "
20-гадовы грамадскі актывіст Дзяніс Мандзік распавядае, што пачаў размаўляць па-беларуску ўсяго два гады таму, але яшчэ ў школе цікавіўся беларускай гісторыяй ды культурай.
"Спачатку проста спрабаваў размаўляць з беларускамоўнымі знаёмымі, а ў нейкі момант зразумеў, што беларуская мова — гэта ўжо неад'емная частка майго жыцця, — кажа ён. — Трэба размаўляць заўсёды, усё маё асяроддзе стала беларускамоўным. Мне проста няма куды дзявацца ад беларускай мовы".
Дзяніс пераехаў у Мінск з роднага Барысава, пачаў хадзіць на канцэрты, якія ладзіла "Арт-сядзіба", — і неяк усё закруцілася.
"У Барысаве было складана, — прызнаецца Дзяніс. — Я разумею, што ў любым выпадку можна было спрабаваць размаўляць па-беларуску і там. Але Барысаў — даволі завадскі горад, амаль усе людзі размаўляюць па-руску, мала хто ўвогуле разумее беларускую мову. Таму там звычайна адбываюцца складанасці ў камунікацыі з людзьмі. Напэўна, гэта нейкім чынам мне перашкаджала пачаць размаўляць раней".
Маці выбар сына падтрымала, бацьку было ўсё роўна. У крамах ды недзе на вуліцы Дзяніса часам просяць размаўляць "на нормальном языке". Хлопец не крыўдуе, лічыць, што гэтыя людзі проста пакуль нічога не разумеюць. Па яго словах, з усіх старых сяброў з Барысава ніхто не пачаў размаўляць па-беларуску, але шмат хто кажа, што, дзякуючы яму, падцягнулі родную мову, даведаліся новыя словы.
"Усё нармальна, — усміхаецца Дзяніс. — Ніякіх праблем з сябрамі ніколі не было. Мая кіраўніца на працы пэўным чынам датычная да беларускага асяроддзя, у яе ёсць беларускамоўныя сябры, таму пытанняў не ўзнікае".
Дар’я Бялькевіч, супрацоўніца Пэн-цэнтра: "Сястра маё рашэнне ўспрыняла вельмі рэзка.Увесь час казала: “Говори нормально”"
26-гадовая Дар'я Бялькевіч вучылася ў філалагічным класе ў Слоніме, а пасля скончыла эканамічны універсітэт у Мінску. Два гады займалася ў Беларускім калегіуме, размаўляць па-беларуску пачала там жа ў 2013 годзе. Дзяўчына распавядае, што ў яе сям'і заведзена размаўляць па-руску, але тата, настаўнік гісторыі, выкладаў гісторыю Беларусі па-беларуску і добра ведае мову.
"У эканамічным універсітэце гісторыю выкладаў цудоўны Іван Іванавіч Сацукевіч, — кажа суразмоўца. — Ён вельмі круты спецыяліст у сваёй галіне, таксама круты экскурсавод. Цікава расказваў пра Беларусь, сам захапляўся — усё па-беларуску. Сама я пачала размаўляць яшчэ падчас навучання ў Беларускім калегіуме. З намі вучыліся і рускамоўныя людзі, нікому гэта не перашкаджала. Дзякуючы калегіуму, я трапіла ў асяродак "Арт-сядзібы", пасля нават трохі там працавала, дапамагала ладзіць некаторыя імпрэзы.
Яшчэ ў гэты час была такая тусоўка "Літкава", дзе аўтары чыталі свае вершы. Я ўсё наведвала, і паціху ўцягнулася ў беларускамоўнае асяроддзе. Стала больш людзей, з якімі можна было размаўляць па-беларуску, не саромецца, мяне разумелі ды падтрымлівалі".
Дзяўчына кажа, што сваякі збольшага паставіліся да яе рашэння пазітыўна.
"Нейкіх прыкрых выпадаў у бок беларускай мовы я не памятаю, — адразае Дар'я. — Але, напрыклад, сястра маё рашэнне ўспрыняла вельмі рэзка. Увесь час казала мне: "Говори нормально, я ничего не понимаю". Часам кідала слухаўку. Яшчэ пару выпадкаў было ў таксоўках. У мяне пыталіся: "Вы по-польски или по-украински разговариваете?”. Ну яшчэ падчас размеркавання трапіла ў каледж, дзе проста камунікаваць было складана, не тое што па-беларуску. Мабыць, варта было б паспрабаваць, але ў дваццаць адзін мне не хапіла досведу ды смеласці”.