Грамадскую актывістку паклалі ў Навінкі і забралі ў яе маёмасць
Удзельніцу вулічных акцый пратэсту 2016–2017 гадоў Галіну Лагацкую змясцілі ў закрытае аддзяленне псіхіятрычнай лякарні ў Навінках. Папярэдне ў яе забралі маёмасць з прычыны штрафаў. Як паведамляе Радыё Свабода са спасылкай на грамадскую актывістку Вольгу Мікалайчык, знаёмую Лагацкай, судовыя выканаўцы забралі з дому рэчы на 28 мільёнаў старых рублёў. Лагацкая мела шматлікія штрафы, якія не сплочвала.
Сябры Галіны Лагацкай кажуць, што актывістка скардзілася на праблемы з сэрцам і яе адвезлі ў кардыялогію, а потым у яе дома знайшлі запіску з пагрозамі самагубства. Пасля гэтага медыкі прынялі рашэнне шпіталізаваць Лагацкую ў Навінкі. Яна падпісала паперы са згодай на лекаванне.
У 2016 годзе стала вядома, як мінчук Валерый Мілевіч, сусед Лагацкай па пад’езьдзе, напісаў на яе заяву ў міліцыю, каб актывістку прыцягнулі да адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу прадпрымальнікаў. Лагацкая ў камэнтарах не выключала, што Мілевіч помсціць ёй з прычыны канфлікту наконт выкарыстання агульнай калясачнай у пад’ездзе. Актывістка прайграла частку судоў з суседам і не змагла выплаціць накладзеныя на яе штрафы.
Пасля першага маршу абураных беларусаў, які прайшоў у Мінску сёлета ў лютым, Галіна Лагацкая адбыла 10 сутак адміністрацыйнага арышту на Акрэсціна.