Грамадзянін Расіі на BMW пратараніў шлагбаум на мяжы Польшчы і Беларусі
Здарэнне на беларуска-польскай мяжы / t.me/granica_bypl
Зранку 30 траўня грамадзянін Расіі на BMW пратараніў шлагбаум на мяжы Польшчы і Беларусі, паведамляе тг-чат "ГраницаBYPL". Гэта чат, дзе аўтамабілісты дзеляцца паміж сабой інфармацыяй з памежных пераходаў.
Інцыдэнт здарыўся ў 8:35. Паводле папярэдняй інфармацыі, расіянін на чорным BMW X5 на хуткасці пратараніў шлагбаум з польскага боку. Аўтамабіль спыніўся толькі на мосце праз Буг, калі ў ім прабіла кола.
Гаворыцца, быццам у салоне былі жонка кіроўцы і трое дзяцей, якія перабеглі на беларускі бок. А самога чачэнца затрымалі польскія памежнікі.
У выніку інцыдэнту рух на КПП "Тэрэспаль-Брэст" быў часова перакрыты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.