Грэцыю могуць часова вывесці з еўразоны

Лідары краін еўразоны разглядаюць магчымасць часовага выхаду Грэцыі з еўразоны, калі не ўдасца дасягнуць пагаднення наконт новага пакета фінансавай дапамогі краіне.

Перамовы міністраў фінансаў еўразоны наконт Грэцыі доўжыліся два дні. Міністры склалі праект рашэння па выхадзе з крызісу. Як перадае BBC, у чатырохстаронкавым дакуменце прапануецца:

— ухваленне парламентам да 15 ліпеня прапанаваных Грэцыяй рэформаў;

— правядзенне пенсійнай і працоўнай рэформаў;

— прадастаўленне міжнародным крэдыторам поўнага доступу да складання законапраектаў у Грэцыі;

— магчымы пералік каштоўных актываў Грэцыі ў памеры 50 млрд еўра ў замежны фонд і іх далейшай прыватызацыі;

— магчымыя перамовы наконт графіку выхаду краіны з зоны еўра і рэструктурызацыі пазыкі, калі не ўдасца дасягнуць дамоўленасці.

У рамках саміту краін еўразоны перамовы праводзяць прэм'ер-міністр Грэцыі Алексіс Цыпрас, канцлер Нямеччыны Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і прэзідэнт Еўрасавета Дональд Туск.

Як вядома, у ноч на суботу парламент Грэцыі зацвердзіў план эканамічных рэформаў, прапанаваны Цыпрасам. Гэты праект мае адразу некалькі пунктаў, супраць якіх грэкі прагаласавалі на рэферэндуме ў нядзелю 5 ліпеня. Паводле папярэдніх звестак, Цыпрас на перамовах пагадзіўся на павышэнне падаткаў і рэфармаванне пенсійнай сістэмы, як таго патрабуюць крэдыторы Грэцыі — Еўракамісія, Еўрапейскі Цэнтрабанк і Міжнародны валютны фонд.

Фота — ЕРА

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі