Гродзенская вобласць адмовілася ад пяцітомніка Святланы Алексіевіч
![Гродзенская вобласць адмовілася ад пяцітомніка Святланы Алексіевіч](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/alex-2506-3.jpg.webp?itok=CeLSF-D1)
Гродзенская вобласць адмовілася ад бясплатнай перадачы пяцітомніка твораў нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Пра гэта распавёў старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка.
"У Гродзенскай вобласці ўвялі паняцце дастатковасці кніг і заявілі, што ў іх бібліятэках кніг дастаткова. Але ж гэта пераклады кніг Алексіевіч, якіх раней не было! А гэта значыць, што дастатковасць кніг Алексіевіч у Гродзенскай вобласці — нуль?" — здзіўляецца банкір.
Бабарыка заклікаў бібліятэкі Гродзеншчыны ў прыватным парадку звяртацца ў абласное прадстаўніцтва Белгазпрамбанка па кнігі нобелеўскай лаўрэаткі.
Агулам банк планаваў перадаць у бібліятэкі краіны тры тысячы камплектаў пяцітомніка Святланы Алексіевіч, выдадзенага па-беларуску.
Збор грошай на выданне адбываўся з дапамогай краўдфандынгу, у якім вырашыў паўдзельнічаць і Белгазпрамбанк. Сёння ў мінскай культурнай прасторы "OK'16" удзельнікі краўдфандынг-кампаніі атрымліваюць выдадзеныя кнігі.