Група бабруйскіх кантралёраў тры гады брала хабар з кіроўцаў
Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы на пяць супрацоўнікаў аддзела кантролю пасажырскага транспарту ААТ "Магілёўаблаўтатранс".
Паводле следства кантралёры, размеркаваўшы паміж сабой ролі, працяглы час атрымоўвалі хабар ад кіроўцаў і кандуктараў ААТ "Магілёўаблаўтатранс", ААТ "Віцебскаблаўтатранс", ААТ "Гомельаблаўтатранс", ААТ "Мінскаблаўтатранс" і ГП "Мінсктранс".
Група дзейнічала ў Бабруйску. Адзін або некалькі чалавек пастаянна знаходзіліся ў кабінеце кантралёраў у будынку аўтавакзала "Бабруйск". Адтуль яны кантралявалі прыбыццё аўтобусаў прыгарадных, міжгародніх і міжнародных маршрутаў. Пасля гэтага кіроўцы і кандуктары плацілі ім хабар за неправядзенне праверак аўтобусаў на маршрутах на прадмет магчымых парушэнняў. Таксама чальцы групы папярэджвалі кіроўцаў і кандуктараў, якія перадалі ім грошы, аб працы на іх маршрутах іншых правяраючых.
За хабар кантралёры афармлялі фіктыўныя звесткі аб праверках у білетна-ўліковых лістах кіроўцаў і кандуктараў. Таксама яны ўносілі фіктыўныя звесткі ў нарады аб штодзённых праведзеных праверках, за што атрымоўвалі неабгрунтавана штомесячныя прэміі.
Атрыманыя ў якасці хабару грошы чальцы групы дзялілі паміж сабой пароўну.
Са студзеня 2014 года па люты 2017-га яны атрымалі ў якасці хабару больш за 20 тысяч рублёў ад 114 вадзіцеляў і кандуктараў. А сума незаконна атрыманых прэміяў склала больш за тры тысячы рублёў.
Кіроўцы і кандуктары, якія адмовіліся даваць хабар, падвяргаліся дбайным праверкам з боку арганізаванай групы кантралёраў. Пасля гэтага кіроўцаў і кандуктараў прыцягвалі да розных відаў адказнасці, каб надалей схіліць іх да дачы хабару.
Следчыя наклалі арышт на маёмасць падазраваных, у тым ліку на грошы, аб'екты нерухомасці, аўтамабілі.
Праваахоўнікі выявілі 116 эпізодаў злачыннай дзейнасці абвінавачаных. У ААТ "Магілёўаблаўтатранс" накіраванае прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў закона, прычын і ўмоваў, якія спрыялі ўчыненню злачынства, і аб прыняцці мер, накіраваных на недапушчэнне аналагічных фактаў з боку іншых работнікаў.
Затрыманых кантралёраў вінавацяць у махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры, атрыманні хабару групай асоб і злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Яны знаходзяцца пад вартай.
Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя пракурору для накіравання ў суд.