Грузія: спікер парламента і дэпутат — арганізатар асамблеі падалі ў адстаўку
JAMnews
Спікер грузінскага парламента Іраклі Кабахідзэ падаў у адстаўку — гэтага ўжо суткі дамагаліся актывісты ў Тбілісі. З патрабаваннем неадкладна звольніць Кабахідзэ ўчора ўвечары ў Тбілісі сабралася маштабная акцыя пратэсту, якую жорстка разагнаў спецназ. Аб адстаўцы спікера абвясціў генеральны сакратар кіруючай партыі "Грузінская мара" Каха Каладзэ. Падчас сваёй кароткай заявы Каладзэ падкрэсліў: Кабахідзэ звольніўся сам, а не пад ціскам апазіцыі; а паліцыя вяла сябе цалкам адэкватна. Таксама свой пост пакінуў дэпутат Закарыя Куцнашвілі — арганізатар Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя.
Раней сёння Мінздароўя Грузіі назвала колькасць пацярпелых падчас разгону акцыі пратэсту ўчора ноччу і сёння раніцай — 240 чалавек. Па даных незалежнай грузінскай тэлекампаніі "Руставі-2", колькасць затрыманых набліжаецца да 400. Сваякі затрыманых сабраліся ў Тбіліскім гарадзкім судзе, але многія не могуць атрымаць інфармацыю пра сваіх блізкіх.
Сёння ў Тбілісі шмат кажуць пра тое, што паліцыя не проста ўжыла газ і гумовыя кулі для разгону дэманстрацыі, а мэтанакіравана цэлілася пратэстоўцам у галовы. Вядома, што многія пацярпелыя звярнуліся ў бальніцы менавіта з раненнем у галаву, сярод іх ёсць і журналісты.
Апазіцыя заяўляе пра перавышэнне паўнамоцтваў паліцыяй і анансуе новую пратэстную акцыю, яна павінна пачацца сёння ў 7 вечара па тбіліскім часе (у 18:00 па мінскім) на тым жа месцы — перад будынкам парламента. Патрабаванняў у апазіцыі тры: адстаўкі (акрамя спікера парламента, апазіцыя патрабуе звольніць міністра ўнутраных спраў), пераход на прапарцыйную сістэму галасавання і правядзенне датэрміновых парламенцкіх выбараў.
З-за чаго пачаліся пратэсты
Маштабная акцыя пачалася ўвечары ў чацвер з-за выступу ў грузінскім парламенце дэпутата расійскай думы Сяргея Гаўрылава. Адкрываючы Міжпарламенцкую асамблею праваслаўя (гэта аб'яднанне палітыкаў і духавенства, у якім Расіі адведзена роля лідара), Гаўрылаў заняў месца спікера парламента Грузіі. Гэта выклікала абурэнне дэпутатаў. Грузінскія апазіцыянеры заяўляюць, што ў 1992–1993 гадах Гаўрылаў ваяваў у грузіна-абхазскім канфлікце на баку Абхазіі і па гэтай прычыне ён не меў права ўвогуле знаходзіцца на тэрыторыі Грузіі. Апазіцыянеры прымусілі Гаўрылава і іншых дэлегатаў пакінуць парламент, у той жа дзень расійская дэлегацыя паляцела з Тбілісі.
Трэба адзначыць, што гэта абурэнне апазіцыі цалкам падзялілі і ўлады: тое, што адбылося, яны растлумачылі "пратакольнай памылкай" і "цяжкай карцінай". У Тбілісі ўвесь дзень чакалі, што нехта з чыноўнікаў панясе пакаранне і будзе звольнены, але гэтага так і не адбылося.
Чаго патрабавалі пратэстоўцы
Удзельнікі акцыі пратэсту, якія сабраліся перад будынкам грузінскага парламента ўвечары ў чацвер, патрабавалі адстаўкі спікера парламента і кіраўнікоў МУС і службы дзяржбяспекі. Таксама гучалі заклікі "ачысціць краіну ад Іванішвілі" — мільярдэра і кіраўніка кіруючай партыі, якога ў Грузіі лічаць галоўным ценявым правіцелем.
Паводле розных звестак, на акцыі сабраліся ад 7 да 15 тысяч чалавек. Прыблізна да 22:00 па Тбілісі пачаліся спробы штурму будынка парламента, якія працягваліся некалькі гадзін. Каля поўначы паліцыя ўпершыню ўжыла слезацечны газ і гумовыя кулі.
Ужо глыбокай ноччу на праспект Руставелі вывелі вадамёты і зачысцілі цэнтральны праспект Руставелі, але сутычкі працягваліся.
Пад раніцу група пратэстоўцаў уварвалася ў адзін з офісаў кіруючай партыі "Грузінская мара," які знаходзіўся тут жа на праспекце Руставелі. Са спустошанага офіса выцягнулі партыйныя сцягі і спалілі іх на вуліцы.
Сутыкненні з паліцыяй працягнуліся і з раніцы ў пятніцу — актывісты нападалі на паліцыю з палкамі, кідаліся камянямі, разбівалі паліцэйскія машыны.
Дзіяна Петрыяшвілі, па матэрыялах JAMnews.