Грыбаўскайтэ: ЕС можа падпісаць пагадненне з Украінай у канцы чэрвеня
Такую заяву прэзідэнт Літвы зрабіла сёння ў Бруселі.
Адказваючы на пытанне, калі Еўрасаюз падпіша з Украінай пагадненне аб асацыяцыі цалкам, Даля Грыбаўскайтэ сказала, што гэта можа адбыцца ў наступным месяцы. Паводле яе слоў, пытанне стаіць у павестцы дня саміта Еўрасаюза, які пачнецца 27 чэрвеня, інфармуе РІА "Новости".
Нагадаем, палітычная частка пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС была падпісаная ў Бруселі ў сакавіку (на фота). Тады стала вядома, што эканамічную частку пагаднення падпішуць да канца года. Яна прадугледжвае стварэнне паўнавартаснай зоны свабоднага гандлю. Напярэдадні ў Кіеве пра гатоўнасць да падпісання пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з Украінай і да працягу перамоваў аб безвізавым рэжыме заявіў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента Ёран Фэрм.
На здымку: Прэм'ер Украіны Арсень Яцанюк і прэзідэнт Савета ЕС Херман Ван Рампей. Фота — ЕРА