ГУБАЗіК: Выступім з ініцыятывай уключыць БЧБ-сцяг у спіс нацысцкай сімволікі
Бел-чырвона-белы сцяг у Беларусі збіраюцца забараніць. Гэта вынікае з інтэрв'ю sb.by намесніка начальніка ГУБАЗіК МУС палкоўніка міліцыі Міхаіла Бедункевіча. "Настаў час прыняць меры, — кажа ён. — Час паставіць кропку ў гэтым пытанні — людзі просяць". Бел-чырвона-белы сцяг, які быў дзяржаўным у пачатку 1990-х, ён называе "сімволікай здраднікаў".
"Таму ў бліжэйшы час будзем выступаць з ініцыятывай па ўключэнні ў спіс нацысцкай сімволікі бчб-сцяга, які выкарыстоўваўся ўсімі калабаранцкімі арганізацыямі на тэрыторыі БССР у гады акупацыі, — працягвае намеснік начальніка ГУБАЗіК. — Зразумела, ёсць выпадкі, у якіх ён можа быць выкарыстаны... у фільмах, тэатральных пастаноўках, у архіўнай, музейнай працы".
Палкоўнік міліцыі падкрэслівае, што "спробы хадзіць па вуліцах з бчб-сцягамі будуць вельмі жорстка спыняцца". Як вядома, бел-чырвона-белая сімволіка стала сімвалам мірных пратэстаў у нашай краіне. Пад ёй у сталіцы ў 2020-м праходзілі вялізныя шэсці.
У бліжэйшы час пройдзе нарада з удзелам прадстаўнікоў МУС, КДБ, Мінюста і навукоўцаў. Будзе перагледжаны "спіс калабаранцкіх арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі БССР". Іх пералік могуць павялічыць. Плануецца пашырыць "спіс забароненай нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі". Гэта мусіць адбыцца яшчэ да пачатку дзеяння закона "Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.