Гукарэжысёр-галадоўнік з БТ сустрэўся з кіраўніцтвам, але працягвае галадаць
Відэазварот гукарэжысёра Уладзіміра Жолудзя, у якім ён паведаміў пра малыя заробкі і аб’явіў галадоўку, нарабіў шмат шуму. Няўжо на фоне крызісу трэшчыну пачаў даваць мур дзяржаўнага тэлебачання?
“Белтэлерадыёкампанія” на відэазварот бунтаўшчыка афіцыйна паведаміла, што ў 2015 годзе яму плацілі ў сярэднім больш за сем мільёнаў. А за апошняе “Еўрабачанне” ён атрымаў не 600 тысяч прэміі, а 1,15 мільёна.
Спрабуем разабрацца, дзе праўда, і звязваемся з самім Уладзімірам Жолудзем.
“Я пакуль нічога каментаваць не буду, — з усмешкай у голасе кажа гукарэжысёр. — Я на працы, працую. Пакуль на гэтым усё”.
Еўрарадыё: І галадаць працягваеце?
Жолудзь: Працягваю, так.
Еўрарадыё: У адказе на ваш відэазварот “Белтэлерадыёкампанія” паведаміла пра вашы сем мільёнаў заробку і ўдвая большую прэмію за “Еўрабачанне”, чым вы назвалі.
Жолудзь: Гэта на сораме тых, хто публікаваў.
Еўрарадыё: Можа быць, сустрэчу з кіраўніком “Белтэлерадыёкампаніі” Давыдзькам вам з 23 лютага перанеслі на ранейшы тэрмін?
Жолудзь: Усё, усё, ніякіх каментарыяў.
Еўрарадыё мае інфармацыю, што калі падняўся шум, сустрэчу з Давыдзькам Жолудзю перанеслі на сераду 17-га лютага. Пра яе змест нічога не вядома. Верагодна, гукарэжысёру нешта паабяцалі, але ён працягвае галадаць да моманту, калі абяцанні ажыццявяцца. У прэс-службе “Белтэлерадыёкампаніі” інфармацыю пра сустрэчу Давыдзькі і Жолудзя каментаваць не лічаць патрэбным. Аднак асоба, якая мае непасрэдны кантакт з кіраўніком “Белтэлерадыёкампаніі”, паведаміла Еўрарадыё, што сустрэча 17-га лютага сапраўды адбылася.
Уладзімір Жолудзь запісаў скандальны відэазварот 15 лютага. У ім гукарэжысёр скардзіўся на несправядлівасць у сістэме аплаты працы. Пры дапамозе галадоўкі ён вырашыў дабіцца сустрэчы з Генадзем Давыдькам, каб патлумачыць босу ўсе недасканаласці і выправіць сітуацыю.