Гурт “РСП” выступіць на падтанцоўцы ў дуэта “ЭВМ”
Паглядзець на гэта можна будзе на дыджэй-паці ад “ЭВМ” у Графіці.
Удзельніцы дзявочага дуэта “ЭВМ” Юля Шаўчук і Марына Юрэвіч запрашаюць на “ЭВМ Паці”! У праграме — “музычная салянка ў традыцыях культурнага ўгару”. За дыджэйскім пультам — уласна, Юля і Марына.
“Насамрэч, мы вельмі засумавалі па гледачах, — прызнаецца Еўрарадыё Марына Юрэвіч. — Вельмі даўно мы з імі не сустракаліся — маю на ўвазе дуэт “ЭВМ”. І вось, вырашылі такім чынам сустрэцца, парадавацца, выпіць і павесяліцца”.
Апроч абсалютна рознай музыкі, дзяўчаты абяцаюць шоў у лепшых традыцыях “ЭВМ”. Марына абяцае, што “запальваць” на танцполе і за сталом будуць хлопцы з “РСП”. Дарэчы, першапачаткова 15 чэрвеня ў “Графіці” мусіў адбыцца “батл” “РСП” супраць “ЭВМ”. Аднак, у хлопцаў не атрымалася сабрацца думкамі, таму дзяўчаты вырашылі ўзяць вечарынку ў свае рукі.
Марына Юрэвіч не выключае, што “ЭВМ Паці” у Графіці стануць традыцыйнымі.
Фота: budzma.org