Гурт Yellow Brick Road адсвяткуе сваё пяцігоддзе

Прыхільнікі творчасці Yellow Brick Road ужо засумавалі па энергічных шоў каманды — канцэртная паўза ў творчасці гурта зацягнулася амаль на год. За гэты час музыкі падрыхтавалі да выдання DVD-прэзентацыю свайго апошняга альбома “Futuremental”, пачалі шчыльную працу над новай пласцінкай, а клавішнік гурта Ян Яраш стаў эндорсерам кампаніі Novation. Свой пяты дзень нараджэння Yellow Brick Road адсвяткуюць утульным канцэртам у клубе TNT, а вось на вялікай пляцоўцы абяцаюць з’явіцца ўжо з новым альбомам, распавядае лідар каманды Ян Максімовіч.

“Зараз мы не хочам вялікага канцэрта — мы хочам крутую тусоўку, вечарынку. Таму ўсё мусіць быць утульна, блізка, даступна, каб атрымаўся сапраўдны прамы кантакт. Мы ўсе будзем усміхацца і не будзем сур’ёзнічаць. Таму непасрэдна па гэтай прычыне мы абралі клуб TNT”.

Для канцэрта гурт рыхтуе адмысловую патрэкавую відэаінсталяцыю і прадставіць некалькі кампазіцый з новага альбома.

“Нешта цікавае будзе адбывацца з усім гуртом і усёй сцэнай падчас кожнай кампазіцыі. Будзе шмат чаго цікавага! Яшчэ ўдакладню, што ў зале будзе вельмі цёмна, таму ўсе людзі могуць прыйсці элегантна падпіўшымі і ніхто ніколі пра гэта не даведаецца”, — смяецца Ян Максімовіч.

Падчас канцэрта Yellow Brick Road сыграюць кампазіцыі з альбомаў “Futuremental”, “Honeymoon” і да таго ж часткова прадставяць свой новы матэрыял — “надта эксперыментальны і насычаны ўсялякімі музычнымі накірункамі, пра якія музыкі і самі, верагодна, не здагадваюцца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі