Хадановіч: Беларускі паэт мае адчуванне значнасці
Андрэй Хадановіч расказаў, за што яму прысудзілі прэмію для перакладчыкаў польскай паэзіі і чым наша паэзія падобная да польскай часоў “Салідарнасці”.
Еўрарадыё: Прэмія Збігнева Даміняка даецца перакладчыкам польскай літаратуры на розныя славянскія мовы. За што вы атрымалі гэтую прэмію?
Хадановіч: Цяжка сказаць. Лепей спытацца пра гэта ў арганізатараў і журы прэміі. Але ў мяне ёсць канспіралагічная версія, што прэмію я атрымаў як бы наўздагон пасля году Чэслава Мілаша. Калі, відавочна, гэта было настолькі адметна не толькі ў Польшчы, але і ва ўсіх краінах: цэлая жменя выбітных фестываляў, кнігавыдавецтваў у дзесятках краін, новыя пераклады… Ну і што граху таіць, ваш пакорны слуга таксама ў Беларусі спрычыніўся да святкавання штогадовага юбілею Мілаша. Так ці інакш штосьці сам перакладаў, штосьці рэдагаваў, штосьці арганізоўваў: прысвечаны Мілашу фестываль, чатырохтомнік, аўдыёкніга, дзе я свае пераклады дэкламую разам з цудоўнымі музыкамі з “Рацыянальнай дыеты”. Не ведаю, ці сур’ёзныя гэта заслугі, бо для мяне гэта было радасцю і ў чымсьці абсалютна бескарыснай вучобай. Мілаш – аўтар, якога з зялёнага юнацтва я вельмі моцна і шчыра люблю, гэта першы аўтар, якога я ў жыцці спрабаваў перакладаць па-беларуску. Так што, думаю, што гэта прывітанне ад Чэслава Мілаша.
Еўрарадыё: А ці цяжка перакладаць Мілаша ?
Хадановіч: Мілаш – аўтар складаны для беларусаў праз тое, што яго перакладаючы, шмат хто ўжывае нейкія такія фальшывыя стратэгіі перакладу, як на мяне. Гэта аўтар, які вельмі тонка, эквілібрыстычна балансуе паміж супрацьлегласцямі – паміж паэзіяй і прозай. Перакладаючы Мілаша, ты не можаш ператварыць яго ў зусім паэзію, бо ён сам бы паморшчыўся (ён любіў такі празаізаваны, шурпаты верш, на якім спатыкаешся), але гэты верш яшчэ не робіцца верлібрам. Ён вельмі рытмічны, толькі рытм гэты схаваны. Яго часам называюць польскім гекзаметрам – тое што робіць Мілаш. Мне спатрэбілася шмат гадоў, каб навучыцца гэтаму і вось гэты рытм перадаваць. А з іншага боку, Мілаш балансуе паміж інтэлектуалізмам – калі вобраз густы, насычаны – і, ведаеце, амаль фізіялагічным, цялесным адчуваннем свету. І вось гэты момант цялеснасці, фізіялагічнасці, максімальнай адкрытасці і шчырасці таксама не варта губляць. Так што я нібыта элементарныя рэчы перакладаў, але пры гэтым часам адно слова 50 разоў памяняеш на нейкі сінонім, потым 50 разоў назад і так да канца, і не ўпэўнены, ці слушна зрабіў.
Еўрарадыё: Ці не падаецца вам, што беларуская паэзія цяпер перажывае тое самае, што польская паэзія перажывала ў часы Чэслава Мілаша?
Хадановіч: У мяне ёсць некалькі адчуванняў, я іх паспрабую падагульніць. Пачынаючы з 90-ых, у 2000-ых і дагэтуль мы маем досыць такі эйфарычны час для паэзіі. Банальна кажучы, у нас у краіне паэзію слухаюць яшчэ не толькі паэты і універсітэцкія прафесары. Якраз-такі ўніверсітэцкія прафесары, можа, у меншай ступені ў нас слухаюць паэзію. Тое, што ў Заходняй Еўропе даўно зрабілася рэчывам для абраных адзінак – у нас яшчэ застаецца чымсьці важным, што чапляе людзей за жывое. Беларускі паэт мае шырэйшую аўдыторыю, мае публіку, мае адчуванне, ведаеце, нават калі ў сваёй маргінальнасці, часам, забароненасці, але ўсё адно нейкай значнасці. Думаю, што палякі такое мелі ў часы салідарнасці. А сёння ў сваім рынкавым грамадстве (і добра, што яно ў Польшчы будуецца) паэты часам з настальгіяй узгадваюць пра баявую маладосць тых часоў. Гэта раз. А па-другое, мне здаецца, што беларуская паэзія перажывае бум, але не ўсялякая, а паэзія тых, хто крышачку маладзейшы за мяне. Мне вельмі падабаецца, што робяць 22-30-гадовыя ў беларускай літаратуры. Мне здаецца, што гэта цуд. І вось гэтую плойму людзей можна доўга пералічваць: пачынаючы ад Віктара Жыбуля і Веры Бурлак, праз Вальжыну Морт і Марыйку Мартысевіч, да Віталя Рыжкова, Андрэя Адамовіча і Антона Рудака, Уладзя Лянкевіча і многіх-многіх іншых – вось гэта такое шчыльнае і густа населенае талентамі маладое пакаленне, якое супастаўнае вось з той плеядай… Няўдзячная роля – параўноўваць набелістаў, жывых і мёртвых класікаў з зусім маладымі аўтарамі, але, тым не менш, штосьці агульнае я бачу. Калісьці на польскім Алімпе суседнічалі, канкуравалі, цяснілі адно аднаго па-добраму, спрачаліся, сябравалі – Мілаш, Герберт, Шымборская, Ружэвіч (апошні жывы з гэтай кампаніі, дадай яму Бог здароўя). Іх падпіралі крышачку маладзейшыя калегі . Мне згадваецца гісторыя з Данііла Хармса… Сядзіць Лермантаў і думае: “Ну ладна, Пушкін геній, ладна, я геній, але ж і Гогаль геній, і Чэхаў, халера, геній, і Талстой геній, і Дастаеўскі… Госпадзі, калі гэта скончыцца!?” Тут усё і скончылася.
Еўрарадыё: Вы – першы намінант з Беларусі?
Хадановіч: Я не першы намінант. Мне вельмі прыемна, што я трапіў у харошую кампанію правераных, заслужаных перакладчыкаў польскай паэзіі на родную мову. Магу згадаць чэскага паэта-перакладчыка Вацлава Бур’яна, які быў некалькі гадоў таму лаўрэатам. Або цудоўны тандэм рускіх перакладчыкаў: Наталья Астаф’ева і Ўладзімір Брытанішскі. Гэта праўда, калі не геніяльныя, то вельмі добрыя перакладчыкі. Вельмі прэстыжна, вельмі ганарова знаходзіцца з імі ў адной кампаніі. У гэтым сэнсе моманту прафанацыі прэміі няма ніякага. Хутчэй, мой удзел выглядае спрэчным, бо я яшчэ цешу сябе надзеяй, што найбольшую колькасць перакладаў зраблю ў будучыні, і ў гэтым прысуджэнні прэміі элемент авансу ёсць. Але я вельмі ўдзячны, што ў нас сяброўства з палякамі і з польскай паэзіяй – узаемнае. Што ім прыемна, і яны як нармальная краіна (нашым бы чыноўнікам ад літаратуры задумацца!) – яны робяць усё дзеля папулярызацыі ўласнай культуры. У тым ліку, стымулюючы замежных перакладчыкаў, каб яны і далей з большым энтузіязмам іх перакладалі. Калі ў нас гэта ўразумеюць – можа, беларускіх аўтараў будуць пазнаваць і ведаць у свеце.