Хакеісты мінскага "Дынама" выйгралі па булітах у "Нафтахіміка"
16 лютага хакеісты мінскага "Дынама" ў чарговым хатнім матчы чэмпіянату КХЛ у прысутнасці амаль 12 тысяч заўзятараў выйгралі па булітах у "Нафтахіміка" з Ніжнекамска — 2:1 (1:0, 0:0, 0:1, 0:0, 1:0). Першую шайбу на 18-й хвіліне закінуў шведскі легіянер Фрэдрык Петэрсан. У далейшым было шмат барацьбы, але лік ужо мог і не змяніцца. Госці адыграліся на апошняй хвіліне асноўнага часу, за 44 секунды да яго заканчэння. У выніку быў прызначаны авертайм, а пасля і буліты. Перамогу мінчукам прынеслі трапныя кідкі Аляксандра Мацярухіна і Петэрсана.
Апошні матч дынамаўцы правядуць на "Мінск-Арэне" ў суботу, 18 лютага, з казанскім "Ак Барсам", пачатак а 17-й гадзіне. Абедзьве каманды забяспечылі сабе месца ў плэй-оф. У "Дынама" 105 ачкоў пасля 59 матчаў, каманда займае 5-е месца ў Заходняй канферэнцыі. "Тарпеда" прайграла ў гасцях ЦСКА 2:4 і адстае на 1 ачко. Пра тое, з кім дынамаўцы могуць згуляць у плэй-оф, гл. тут.