Харэўскі: Помнік Леніну на МТЗ наогул можна прыбраць
Помнік Леніну з'явіцца перад Мінскім трактарным заводам. Яго перанясуць з унутранай тэрыторыі завода да ўвахода. Гэты помнік перасоўвалі некалькі разоў, цяпер вырашылі вярнуць на ранейшае месца — да першай прахадной.
“Нейкае садзейнічанне акажуць ветэраны завода, яны самі гатовыя дапамагчы. Бронзавы манумент захаваўся, сродкі на перанос мы амаль не затрачваем. Бягучыя працы па бюсце мы б і так рабілі, бо мы ж не адліваем новы, а ставім яго на старое месца — на месца першай прахадной”, — апісвае намеснік дырэктара завода Андрэй Суслянкоў.
Помнік Леніну на заводзе з'явіўся ў 1970-ых гадах. Манумент з бронзы, імя аўтара невядомае. Такі помнік наогул можна было б "пусціць ва ўціль", лічыць мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:
"90% нашых помнікаў Леніну — невядомых аўтараў. Ёсць цікавыя помнікі, якія перажылі вайну, яны маюць гістарычную каштоўнасць. Напрыклад, помнік на тэрыторыі лякарні імя Клумава. Каля Дома ўраду — гэта шэдэўр у сваім жанру і для сваёй эпохі. Усё астатняе — гэта падзелкі з няякасных матэрыялаў. Што пакідаць, а што з гэтага прыбіраць, мусяць вызначаць мастацтвазнаўцы. Таму я стаўлюся да пераносу гэтага помніка, як да забаўнага кур'ёза", — кажа Сяргей Харэўскі.
На Трактарным заводзе Леніна вырашылі проста перанесці, у іншых месцах помнікі прыбіраюць.
"Па краіне прапалі ўжо дзясяткі Леніных, бо адсутнічае фінансаванне на іх аднаўленне, як мінімум. Калісьці іх бясконца падмацоўвалі, падфарбоўвалі", — кажа Сяргей Харэўскі.
За часам Савецкага саюза помнікаў Леніну ў Беларусі паставілі каля 500.
Самы малады
Помнік маленькаму Леніну-гімназісту стаіць у дворыку 75 мінскай гімназіі па вуліцы Свярдлова. Малады Уладзімір сядзіць нібыта на уроку, слухае настаўніка.
Самы даўгарукі
У Стоўбцах стаіць манумент Леніну з аграмаднымі ручышчамі. Рука, якую Ільіч выцягвае, амаль такая ж, як усё тулава правадыра.
Самы першы
Гэты помнік вырабілі яшчэ пры жыцці Леніна ў 1922 годзе. Помнік быў драўляны. Некаторы час гэты манумент прастаяў каля "Камуністычнага ўніверсітэта", сённяшні БДУ. Да нашых часоў не захаваўся.
Самы ўбойны
Помнік Леніну упаў на 21-гадавога хлопца ў вёсцы Уваравічы, на Гомельшчыне. Хлопец хацеў падцягнуцца і залезці на пастамент, і помнік рухнуў. Хлопец не выжыў, манумент праз некаторы час прыбралі.
Самы апошні
Апошні помнік Ільічу паставілі ў Беларусі ў Паставах, у 1991 годзе. Помнік на галоўнай плошчы Паставаў быў заўжды. Але ў 1991-ым яго замянілі на новы.