Хлопец, які збіваў школьніка ў метро, "супрацоўнічае са следствам"
І раскайваецца ў тым, што нападаў на чалавека.
Пра гэта Еўрарадыё распавялі ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску.
Прадстаўнік Следчага камітэта: “Ён прызнаны падазраваным па факце злоснага хуліганства. Яго адпусцілі пад абавязацельства аб яўцы. Ён скончыў ПТВ і за гэты час змяніў некалькі месцаў працы. Там яго характарызуюць станоўча. Раней ён не праходзіў ні па крымінальных, ні па адміністрацыйных справах”.
Другі хлопец, які ўкусіў школьніка, праходзіць па справе як сведка. А сам школьнік у выніку сутычкі атрымаў "удары па мяккіх тканках", а не чэрапна-мазгавую траўму, як паведамлялася раней, удакладнілі ў Следчым камітэце.
Нагадаем, 2 траўня ў падземным пераходзе на плошчы Перамогі ў Мінску хлопец укусіў 17-гадовага школьніка за нагу. Пацярпелы паспрабаваў хутчэй пайсці далей, але ў гэты момант на яго напаў іншы хлопец і пачаў збіваць. Пасля з'яўлення відэа ў інтэрнэце 16 траўня аднаго са зламыснікаў прывялі ў міліцыю бацькі.